Зладжанасць як залог поспеху

Малочна-таварны комплекс СВК “Калгас “Радзіма”, што ў вёсцы Навасёлкі, – гэта, перш за ўсё, дружны калектыў і адладжаная тэхналогія працы. А таму і вытворчыя паказчыкі ў іх высокія, і ўзнагароды не прымушаюць сябе чакаць.

– Мы строга прытрымліваемся тэхналогій кармлення і даення, распарадку дня, – распавядае начальнік МТК Ніна КАСЯНКОВА. – Усе нашы работнікі адносяцца да працы вельмі дабрасумленна, мы звязаныя паміж сабой: і аператары, і жывёлаводы – такая сістэмнасць і дае паспяховыя вынікі. Хачу таксама адзначыць аператара па штучным асемяненні Ірыну ПАДДУБСКУЮ, заатэхніка-селекцыянера Кацярыну ПОВАД.

новос2

Ніна Гардзееўна працуе ў СВК “Калгас “Радзіма” ўжо 13 гадоў. А сельскай гаспадарцы наогул прысвяціла ўсё жыццё.

– Няма ніякіх сакрэтаў: люблю сваю работу, таму і атрымліваецца добра, – кажа яна. – З жывёлай працаваць цікава і прыемна, гэта маё прызванне. Сама я нарадзілася ў вёсцы, і жывёлагадоўля для мяне – звычайны занятак.

У сярэднім, валавы надой малака на комплексе за суткі складае 14,35 т. Такім чынам, ад кожнай каровы атрымліваюць па 21 кг сырадою. За 2017 год на комплексе было атрымана 5723,113 т малака. Сярэдні працэнт тлустасці склаў 3,69.

У даільным цэху працуюць трое чалавек.  Прычым, не толькі жанчыны.

– Мая прафесія нічым не адрозніваецца ад іншых, – распавядае аператар машыннага даення Вячаслаў САВЕЛЬЕЎ. – Працаваць жа трэба ўсюды. Раней я, напрыклад, быў жывёлаводам. А тут выгадныя ўмовы: і даволі высокі заробак, і стабільныя выхадныя дні.

Пагаджаецца з гэтым і яго калега Ірына САУЛЬЧАНКА. Яна таксама працуе ў сельгаскааперацыі далёка не першы год:

– У нас добрыя заробкі, таму ёсць і матывацыя ўкладваць свае сілы ў працу. Акрамя таго, склаўся вельмі дружны калектыў, дзе ўсе дапамагаюць адзін аднаму.

У даільнай зале комплекса  “Навасёлкі” працуе заатэхнік  Кацярына Повад. Зараз спецыяліст дапамагае ветэрынарнаму фельчару  прышчэпліваць кароў.

– Гэта неабходна, каб у іх нарадзілася здаровае патомства, – каменціруе яна.

Агульная плённая праца калектыву заўважана і на больш высокім узроўні: днямі на МТК “Навасёлкі” прыязджала дэлегацыя ў складзе старшыні райвыканкама Мікалая КАДАЦЕНКІ, старшынь рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Мікалая ЛАБУШАВА і Магілёўскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Віктара ГЕЙДЭЛЯ. Яны павіншавалі лепшых аператараў машыннага даення Ірыну Саульчанка, Вячаслава Савельева, Ніну ЗАВАДСКУЮ з дасягненнем стабільна высокіх паказчыкаў, уручылі ім падзячныя лісты і грашовыя прэміі. Зусім нядаўна медалём “За працоўныя заслугі” ўзнагароджана аператар машыннага даення Вольга ПАНЦЯЛЕЕВА. Падзяку ад абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК за высокія паказчыкі ў вытворчасці малака атрымалі Ірына ГРЫШАНАВА і Варвара МІХАЛІНА. Але і гэта яшчэ не ўсё: у раённым спаборніцтве па выніках працы за мінулы год калектыў Навасёлкаўскага МТК прызнаны пераможцам у намінацыі “Лепшы калектыў малочна-таварнай фермы”.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *