З 19 па 25 лютага праваахоўнікі склалі 19 адміністрацыйных пратаколаў

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 19 па 25 лютага праваахоўнікі склалі 19 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку за знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення – 11, дробнае хуліганства – 3, сямейны скандал – 3, непадпарадкаванне  – 1.

Пакаяўся. Жыхар аграгарадка Вішоў звярнуўся ў дзяжурную службу РАУС з павіннай і распавёў праваахоўнікам, што ў студзені бягучага года абакраў гараж аднавяскоўца.

Запахла брагай. Супрацоўнікі РАУС выявілі і канфіскавалі ў жыхаркі Замачулля 10 літраў вадкасці з характэрным пахам самагоннай брагі.

Дайце на хлеб! Прадавец магазіна райста, што па завулку Школьны ў райцэнтры, патэлефанавала ў міліцыю і паскардзілася на дваіх нецвярозых мужчын, якія стаялі побач з гандлёвай кропкай і выпрошвалі ў мінакоў грошы. “Жабракі” атрымалі па адміністрацыйным пратаколе.

“Адсвяткаваў”. Увечары 22 лютага ў дзяжурную службу РАУС патэлефанавала бялынічанка і паведаміла, што ў парку адпачынку Ліпавы гай знаходзіцца мужчына ў стане алкагольнага ап’янення. Праваахоўнікі адправілі “героя” дадому і выпісалі яму адміністрацыйны пратакол.

Вось табе і суседка! Бялынічанін паскардзіўся міліцыянерам, што суседка ноччу пашкодзіла ў яго аўтамабілі дворнік, люстэрка і кола. Праверку праводзіць СК.

І бацьку папала! Бялынічанін вырашыў “перавыхаваць” членаў сваёй сям’і пры дапамозе кулакоў і лаянкі. Праваахоўнікі перапынілі намеры “выхавацеля” і выдалі яму адміністрацыйны пратакол.

Шкоднік. Супрацоўніца АЗС патэлефанавала ў міліцыю і паскардзілася на кліента, які сарваў заправачны шланг з бензакалонкі. На шкодніка складзены адміністрацыйны пратакол.

Першая ахвяра. 24 лютага ў прыёмнае аддзяленне ЦРБ з поля каля вёскі Асман-Касаева брыгадай хуткай дапамогі ЦРБ быў дастаўлены і затым шпіталізаваны мужчына ў стане алкагольнага ап’янення з прычыны агульнага пераахалоджвання, абмаражэння ступняў ног. Ад праваахоўнікаў небарака атрымаў не толькі прафілактычную гутарку, але і адміністрацыйнае пакаранне.

Ганна КАВАЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *