Малочныя рэкі ствараюцца працавітымі рукамі

Не сакрэт, што важным складнікам паспяховасці СВК  “Калгас “Радзіма” з’яўляюцца адносіны кіраўніцтва гаспадаркі да чалавека працы.

пантел

Адна з такіх рупліўцаў – аператар машыннага даення МТК “Навасёлкі” Вольга ПАНЦЯЛЕЕВА. Напачатку лютага Прэзідэнт Беларусі падпісаў указ аб узнагароджанні яе медалём “За працоўныя заслугі.”

З гэтай нагоды ў вёску Навасёлкі, дзе жыве Вольга Уладзіміраўна, зачасцілі карэспандэнты. Папулярнасць, якая звалілася на жанчыну, нібыта з неба, крыху напружвае яе.

–  Ніколі не імкнулася да славы, –  гаворыць Вольга Уладзіміраўна. – Заўсёды старалася шчыра працаваць, не падводзіць свой калектыў. Калі даведалася пра такую высокую ўзнагароду, ажно расплакалася. Канечне, праўленне нашага сельгаскааператыва адзначала мяне граматамі, прэміямі, і ў раённых спаборніцтвах не аднойчы была ў ліку першых. Але медаль – гэта зусім іншы ўзровень, гэта значыць, што табе аказалі вельмі высокі давер і цяпер яго патрэбна апраўдаць.

Вольга Панцялеева працуе на Навасёлкаўскім МТК з 2011 года. Прыйшла туды праз некалькі месяцаў пасля таго, як ён адкрыўся. На комплексе была ўстаноўлена камп’ютарная даільная ўстаноўка, таму давялося хуткімі тэмпамі асвойваць яе.

– Працэс дойкі сёння нельга параўнаць з тым, што быў літаральна паўтара дзясятка гадоў таму, –  гаворыць Вольга Уладзіміраўна. –  Але, нягледзячы на новыя тэхналогіі, і зараз работы хапае. Да жывёлы нельга адносіцца абыякава, іначай, ніякіх станоўчых вынікаў не даб’ешся.

Гэтыя яе словы выдатна пацвярджаюць лічбы: за 2017 год сярэдні надой на адну карову ў даяркі склаў 9015 кілаграмаў малака.

Унікаць ва ўсе тонкасці прафесіі Вольгу навучыла вопытная калега Святлана ЛЯНЕЎСКАЯ. Але і пра сялянскія карані забываць не трэба.

– Мае маці і бабуля ўсё жыццё даілі кароў, – успамінае Вольга Панцялеева. – З дзяцінства шмат дапамагала маці, калі яна рабіла на Лічынкаўскай малочна-таварнай ферме ў тадышнім калгасе імя Леніна. У яе быў вельмі адказны ўчастак работы – радзільнае аддзяленне для кароў і догляд за цяляткамі першых дзён жыцця.

Ведаючы, якая ў жывёлаводаў цяжкая праца, Вольга напачатку не хацела заставацца ў вёсцы. Пасля заканчэння Навасёлкаўскай СШ паступіла ў вучылішча хімікаў у Магілёве і нават некалькі месяцаў адпрацавала на заводзе штучнага валакна. Але лёс, як кажуць, на кані не аб’едзеш. Вольга пазнаёмілася з Мікалаем Панцялеевым, які працаваў вадзіцелем у калгасе імя Леніна, выйшла за яго замуж. Пасля дэкрэтнага адпачынку жадання ўладкоўвацца ў горадзе ўжо не было. Маладой сям’і выдзелілі новы дом у Навасёлках. Вольга Уладзіміраўна стала працаваць малаказборшчыкам.

–  Калі калгас імя Леніна аб’ядналі з СВК “Калгас “Радзіма”, уладкавалася на комплекс, дзе і працую зараз,  – распавядае Вольга Панцялеева. – Мой муж шчыруе тут жа вадзіцелем малакавоза. Звязаць свой лёс з малой радзімай вырашыла і дачка Таццяна. Яна вывучылася на бухгалтара і ўжо 3 гады робіць у сельгаскааператыве. Другая дачка, Наталля, жыве і працуе ў Магілёве, але кожныя выхадныя прыязджае дадому ў родныя Навасёлкі.

На пытанне аб тым, ці ёсць у яе вольны час для сябе, жанчына толькі ўсміхаецца.

– Калі дзеці былі маленькія, то і вышывала, і вязала. А потым рукі сталі балець, і давялося пераключыцца на нешта іншае. Заўсёды  выпісваю шмат газет, часопісаў, з задавальненнем разгадваю красворды.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *