Лепшая ў сваёй сферы, або 35 гадоў за прылаўкам

Загадчыка магазіна райста, што ў в. Заполле, Ніну АМЯЛЬКОВУ ведаюць не толькі мясцовыя жыхары, але і далёка за межамі населенага пункта. 35 гадоў свайго жыцця яна аддала працы ў сферы гандлю.

амель

Пасля заканчэння школы Ніна Іванаўна скончыла курсы прадаўцоў пры райста, а затым і Гомельскі кааператыўны каледж. Душа рвалася на малую радзіму, таму працаваць вярнулася ў родную вёску. І, як кажуць, дзе нарадзілася, там      і прыгадзілася. 35 гадоў таму       ў працоўнай кніжцы Ніны Амяльковай з’явіўся першы вырашальны запіс: прынята на працу ў сельскі магазін вёскі Заполле. Дарэчы, апошнія 20 гадоў Ніна Амялькова працуе на пасадзе загадчыка яго.

– Ведаю ўсіх аднавяскоўцаў, бо нарадзілася і пражыла ўсё жыццё тут, – расказвае жанчына. – Людзі да мяне ставяцца прыязна, прыходзяць за пакупкамі, а заадно і пра мясцовыя навіны расказваюць.

– Калектыў у нас невялікі – тры чалавекі разам са мной, – распавядае Ніна Іванаўна. – Затое дружны і згуртаваны. Працуем разам даўно, ведаем адзін аднаго, давяраем, а гэта самае галоўнае ў калектыўнай працы.

Словы Ніны Амяльковай пацвердзілі і яе калегі Наталля КАВАЛЁВА    і Святлана МЯЦЕЛІЦА.

Магазін, між іншым, не маленькі. Тут гандлююць і прадуктамі, і гаспадарчымі таварамі. А для таго, каб прыняць іх, раскласці, трэба нямала часу, таму часта даводзіцца і затрымлівацца на працы.

– Такі расклад спраў мяне не палохае, – адзначае загадчык. – План па тавараабароце выконваем.

З выхадам на пенсію Ніна Амялькова не пакінула любімую працу. Тым больш, што цяпер, калі дзеці ўжо выраслі і з’явіліся ўнукі, яна бачыць іх толькі па выхадных. Таму і вольнага часу стала больш, а значыць, па буднях на першым плане ў яе праца.

– Я ўжо прывыкла да гэтага, – тлумачыць жанчына. – Нават калі ў мяне выхадны ці адпачынак, усё роўна прыходжу ў магазін, каб пагаварыць з калегамі, дапамагчы, калі трэба, – усміхаецца яна.

На злёце перадавікоў па выніках штогадовага спаборніцтва сярод арганізацый, іх структурных падраздзяленняў і асобных катэгорый работнікаў за дасягненне лепшых вынікаў  у сацыяльна-эканамічным развіцці раёна ў 2017 годзе ў намінацыі “Лепшы па прафесіі ў сферы гандлю” Ніне Іванаўне ўручылі Дыплом райвыканкама і грашовую прэмію.

– Адзначаюць мяне ўжо не ўпершыню, – падзялілася ўражаннямі пераможца раённага спаборніцтва. – І кожны раз прыемна, калі разумееш, што тваю працу заўважылі. Буду так трымаць і далей!

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *