У чым заключаецца звычайнае жаночае шчасце?

Адказ на гэта пытанне знайсці нескладана. Кожнай жанчыне важна адчуваць падтрымку блізкіх людзей, ведаць, што яе старанні не дарэмныя. Нехта з разумных сказаў, што жанчыны, як люстэрка, увасабляюць у сабе ўсю прыгажосць свету і так жа шчодра дораць яе ўсім навокал.

Жаночае шчасце – у простых рэчах: сям’і, дзецях, запатрабаванасці на працы… Банальна? Не скажу. Знаходзіць штосьці прыгожае і светлае ў шэрай будзённасці, быць надзейнай апорай і натхненнем для мужчын, выхаванне дзяцей – вось ён, нябачны, сціплы жаночы гераізм, маленькія подзвігі, якія гераіні публікацый гэтага святочнага нумара раёнкі непрыкметна здзяйсняюць кожны дзень.

Прызнацца, у сённяшні час нямногія адважваюцца ствараць вялікую сямю. І хоць дзяржава аказвае мнагадзетным бацькам адчувальную сацыяльную падтрымку, не кожная сямя спяшаецца прырасці нашчадкамі.

Лена общ

Адказ на пытанне, чаму так адбываецца, паспрабавала даць чарговая ўдзельніца нашага творчага праекта “Жанчына. Маці. Гераіня.” Алена КАЛАКУСТАВА з аграгарадка Вішоў. Напачатку лютага Прэзідэнт Беларусі падпісаў указ аб узнагароджаннні яе і яшчэ 57 жанчын нашай краіны ордэнам Маці.

– Мы з мужам абодва з мнагадзетных сем’яў, – распавядае Алена. – Таму вялікая колькасць дзяцей для нас не напружанасць і не экстрым,    а звычайныя ўмовы камфортнага існавання. Многія мае знаёмыя прытрымліваюцца такой думкі, што лепш выгадаваць адно дзіця і даць яму ўсё, аб чым яно марыць. Лічу, што гэта не правільна. Такія дзеці часта вырастаюць эгаістамі, у іх няма пачуцця ўзаемападтрымкі, дый у дарослым жыцці яны сутыкаюцца з рознымі складанасцямі. Напрыклад, шлюб ім стварыць цяжэй, бо прывыкаюць да таго, што ўвесь свет павінен круціцца вакол іх.

девки

Алена – старэйшая дачка ў сваіх бацькоў. У дзяцінстве шмат клопатаў па выхаванні малодшых сясцёр і брата ляжала на яе плячах.

– Колькі помню сябе, у нас заўсёды гасцявалі стрыечныя браты і сёстры, – кажа Алена Калакустава. – Бацькі не лічылі нас сваімі, а іх – чужымі. Да ўсіх адносіліся аднолькава. І нават калі ў нас саміх стварыліся ўласныя сем’і, мы працягваем падтрымліваць цесную сувязь.

– Словазлучэнне “родны чалавек” мае для мяне вялікі сэнс. Што б ні здарылася, ведаю: блізкія заўсёды прыйдуць на  дапамогу. Такія ж маральныя каштоўнасці я імкнуся прывіць сваім дзецям, – дадае Алена.

У вялікай сям’і Калакуставых гадуюцца трое хлопчыкаў і дзве дзяўчынкі. Старэйшаму, Івану, 12 гадоў, Варвары – 8, Захару – 7, Назару – 5, а самай маленькай, Надзейцы, – паўтара годзіка. Нягледзячы на свой узрост, дзеці могуць і ў хаце прыбраць, і дапамагчы матулі на кухні. Іван, Варвара і Захар акрамя школьных заняткаў наведваюць аб’яднанні па інтарэсах па лёгкай атлетыцы, футболе. Агульнае захапленне ў малодшых дзяцей – танцы. І ў школе, і дома развучваюць яны танцавальныя рухі.

Алена да нядаўняга часу была ў дэкрэтным адпачынку, але без любімай справы доўга не пратрымалася, выйшла на сваё рабочае месца – мастацкага кіраўніка  ансамбля “Вабічанскія ўзоры”, што дзейнічае пры Вішоўскім СЦК і ВЧ. Дарэчы, па выніках работы за 2017 год гэты калектыў атрымаў перамогу ў раённым конкурсе  імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі – за лепшую дзейнасць па эстэтычным і маральна-духоўным выхаванні насельніцтва.

Галава мнагадзетнай сям’і Юрый Калакустаў працуе ў СВК “Калгас “Радзіма” электрыкам, а летам робіць яшчэ і на зернесушыльнай устаноўцы. З усімі бонусамі ад сельгаспрадпрыемства яму “набягае” добрая зарплата. Трымае сям’я і карову. Гэта не толькі малочныя прадукты для сябе, але і адчувальная матэрыяльная падтрымка. Таксама Алена і Юрый лічаць, што дзеці павінны быць бліжэй да прыроды, да зямлі, умець спраўляцца з вядзеннем падсобнай гаспадаркі. Алена жартуе, што не за гарамі той час, калі да іх людзі будуць хадзіць на экскурсію, каб пабачыць, як выглядае дамашняя жывёла.

Бываючы ў гэтай сям’і на правах не толькі карэспандэнта раёнкі, а яшчэ і блізкай сяброўкі, адзначаю, як пяшчотна горнуцца малыя да матулі, дзеляцца з ёй сваімі радасцямі і клопатамі, дораць падарункі, зробленыя ўласнымі рукамі.

Пераводзячы гэтую сямейную гісторыю на філасофскі лад, скажу аб тым, што сапраўднае сямейнае шчасце і павінна выглядаць такім: ціхім, непрыкметным, якое складаецца са штодзённых дробязей. А прысвячаць кожную хвіліну свайго жыцця дзецям, не зважаючы на ўласныя амбіцыі і жаданні, — гэта      і ёсць той гераізм, што ўласцівы кожнай жанчыне-маці.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *