Правялі праверку ў жылым сектары

Супрацоўнікі РАНС наведалі з прафілактычнай праверкай маланаселеныя вёскі Машчаніцкага сельсавета.

Як паказвае статыстыка, большасць пажараў адбываецца менавіта ў сельскай мясцовасці. Звязана гэта з шэрагам фактараў, якія павялічваюць рызыку іх узнікнення. Сюды, у першую чаргу, неабходна аднесці год пабудовы дома. Большасць домаўладанняў на сяле будаваліся ў 40-50-я гады.

У многіх з іх прасядае падмурак, пасоўваюцца сцены, што ў сваю чаргу прыводзіць да ўтварэння расколін у муры печаў, пашкоджання электраправодкі і г. д.

Асабліва востра такія праблемы адчуваюцца ў маланаселеных пунктах, дзе асноўная маса жыхароў – пажылыя людзі. Таму штомесяц супрацоўнікі РАНС праводзяць адзіны дзень прафілактычнай работы ў маланаселеных пунктах.

Усяго былі правераны 8 вёсак: Эсьмоны, Дзевашычы, Кунцы, Клява, Старая Клёўка, Стараселле, Карытніца і Сялянская Клёўка, у якіх супрацоўнікі РАНС наведалі 108 домаўладанняў.

Вялікая ўвага была звернута на наяўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, іх спраўнасць, правільную эксплуатацыю электраправодкі, пячнога ацяплення.

Падчас праверкі работнікі РАНС праводзілі з жыхарамі прафілактычныя гутаркі, нагадвалі ім асноўныя правілы пажарнай бяспекі, а таксама ўручылі кожнаму гаспадару тэматычныя памяткі і лістоўкі.

Кацярына ЛЮБІВАЯ,

інспектар ГПіУГ РАНС.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *