Хто выплаціць кампенсацыю?

Калі ў праектах дарог і планах землекарыстання не прадугледжана ўзвядзенне тратуараў, пешаходных і веласіпедных дарожак, інфраструктурных аб’ектаў і механізмаў кантролю дарожнага руху, рызыка стаць удзельнікам ДТЗ для пешаходаў узрастае.

Адной з прычын ДТЗ з’яўляецца неналежнае забеспячэнне выканання патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дарожным руху”.

У сувязі з гэтым хацелася б нагадаць, што ў пункце 17 Правілаў дарожнага руху напісана: “Пешаход абавязаны рухацца па тратуары, пешаходнай або веласіпеднай дарожцы, а пры іх адсутнасці – па ўзбочыне. Пры адсутнасці названых элементаў дарогі ці немагчымасці руху па іх дапускаецца рух пешахода па ўскраіне праезнай часткі дарогі насустрач транспартным сродкам”.

У выпадку, калі ДТЗ адбылося, грамадзянін мае права на кампенсацыю шкоды. На працягу пяці рабочых дзён трэба пісьмова заявіць пра здарэнне аднаму са страхоўшчыкаў, з якім у вас ці ў асобы, якая прычыніла шкоду ў выніку ДТЗ, заключаны дагавор страхавання. Заява можа быць прынята  і пасля названага тэрміну, калі заяўнік дакажа, што ён не меў магчымасці ў гэты тэрмін заявіць аб ДТЗ па ўважлівых прычынах (шпіталізацыя і іншыя).

Страхавая кампанія па дагаворы абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў пакрывае:

— знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, у тым ліку дарогі, дарожных збудаванняў, тэхнічных сродкаў рэгулявання дарожнага руху і іншых аб’ектаў;

— шкоду, выкліканую смерцю, цялесным пашкоджаннем, парушэннем альбо стратай здароўя;

у выпадку смерці пацярпелага – выдаткі, звязаныя непасрэдна з пахаваннем памерлага, добраўпарадкаваннем месца яго пахавання;

-шкоду, прычыненую смерцю карміцеля.

У выпадках нанясення шкоды жыццю або здароўю пацярпелага неўстаноўленым альбо незастрахаваным транспартным сродкам трэба звяртацца ў Беларускае бюро па транспартным страхаванні па адрасе: 220092, г. Мінск, вул. Прытыцкага, 29-70, тэл. + 375-17-2098500.

У ПРАЦЯГ ТЭМЫ. 10 снежня 2017 года бялынічанін К., знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, не справіўся з кіраваннем аўтамабіля, з’ехаў на ўзбочыну і збіў жанчыну, якая ішла ў сустрэчным кірунку. На гэтым адрэзку дарогі адсутнічае пешаходная дарожка, таму ёй прыйшлося ісці па праезнай частцы. У выніку ДТЗ пешаходу прычынена цяжкае цялеснае пашкоджанне.

Кіроўца арыштаваны, яму прад’яўлена абвінавачанне ў злачынстве, прадугледжаным ч. 4 арт. 317 КК, а гэта пазбаўленне волі на тэрмін да 7 гадоў і права кіравання транспартнымі сродкамі на 5 гадоў. У мэтах забеспячэння кампенсацыі нанесенай шкоды, арыштаваны яго тры аўтамабілі і жылы дом.

Юрый ЯЦКОЎ,

старшы следчы РАСК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *