Юная мастачка ў чэшках

Яна любіць маляваць і рабіць аплікацыі, займаецца харэаграфіяй, захапляецца матэматыкай і англійскай мовай… Усё гэта пра выхаванку дзіцячага садка № 5 Лілію КРАЎЦОВУ.

лиля

Калі зайшла ў старшую групу садка, адразу звярнула ўвагу на маленькую дзяўчынку ў ружовай сукеначцы. Пакуль усе дзеці гулялі, Ліля займалася любімай справай – малявала чарговы шэдэўр. Менавіта чарговы, таму што, па словах яе бацькі Ігара Краўцова, палічыць усе малюнкі дачкі проста немагчыма.

– Яна кожны дзень штосьці малюе, – распавёў ён. – Ёсць малюнкі алоўкамі, фарбамі. Больш за ўсё любіць адлюстроўваць у сваіх творах прыроду і жывёл. Прысвячае свайму захапленню вельмі шмат часу.

Дзяўчынка актыўная і камунікабельная. У гутарцы з карэспандэнтам раёнкі расказала, што ходзіць у Цэнтр культуры на заняткі па харэаграфіі, дома любіць глядзець мультфільмы.

– Самыя любімыя – “Смяшарыкi”, “Маша і Мядзведзь”, – адзначыла Ліля. – Падабаюцца героі гэтых мульцікаў, смешныя сітуацыі, у якія яны трапляюць.

Яшчэ падчас размовы дзяўчынка расказала, што любіць матэматыку і англійскую мову. Ліля можа ўжо рашаць нескладаныя прыклады, ведае англійскі алфавіт, лічыць да дзесяці. Выслухаўшы пра ўсе яе захапленні, задаешся пытаннем: адкуль у маленькага дзіцяці столькі энергіі, каб займацца ўсім гэтым?

девочк

– Вядома ж, даём ёй час на забавы, мульцікі, маляванне, – усміхаецца Ігар Уладзіміравіч, – але таксама кожны дзень стараемся займацца з дачкой і матэматыкай, і пісьмом. Галоўнае цяпер, з ранняга дзяцінства, прывіць дачцэ любоў і да творчай дзейнасці, і да вучобы. Рады, што ёй падабаецца ўсё, чым яна займаецца, таму абедзвюма рукамі за тое, каб дачка развівалася ўсебакова і спрабавала сябе ў розных відах дзейнасці, і ў будучыні без роздуму выбрала для сябе патрэбную прафесію.

Менавіта дзякуючы такому выхаванню і бацькоўскай падтрымцы ў дзяўчынкі знаходзяцца і сілы, і жаданне праяўляць сябе ў розных справах. Таму на занятках у дзіцячым садзіку Ліля наперадзе ўсіх.

– Яна хутка ўсё схоплівае, – адзначае выхавальніца Вольга НІКІФАРАВА. – На пытанні адказвае заўсёды першая, абдумвае кожную фразу, любіць паразважаць, фарміруе свае думкі ў прыгожыя сказы, а гэта немалаважна для пяцігадовага дзіцяці.

Не дарма ж яна ўсюды ў лідарах. Нават на занятках па фізічнай культуры вядзе строй.

Акрамя ўсяго, Ліля знаходзіць час і на сваіх сябровак, якіх у яе нямала.

– Лепшая мая сяброўка Міла ходзіць са мной у адну групу, – расказала дзяўчынка. – Мы заўсёды з ёй гуляем у лялькі і розныя іншыя гульні.

мила

З астатнімі аднагрупнікамі Ліля таксама добра ладзіць. Дзе яна, там і ўсе.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *