Матрос-выратавальнік Ганна, або Жанчына нежаночай прафесіі

аннаУ жыцці кожнага чалавека здараецца момант, калі прыходзіцца вызначыцца, кім ён хоча быць, якую прафесію выбраць?

Ганне ДАРАШКЕВІЧ з дзяцінства падабалася фізічная культура і ўсё, што з ёй звязана. Таму пасля заканчэння школы атрымала ў МДУ імя А.А. Куляшова спецыяльнасць “Фізічная культура і спецыяльная падрыхтоўка”. Два гады пасля адпрацавала трэнерам. За гэты час Ганне Уладзіміраўне ўдалося паказаць сваю прафесійную падрыхтаванасць, і ёй прапанавалі працу ў рэспубліканскім дзяржаўна-грамадскiм аб’яднаннi “Беларускае рэспубліканскае таварыства выратавання на водах”. І яна з радасцю пагадзілася.

– Гэта было нечакана для мяне, але прапанова вельмі зацікавіла, – успамінае Ганна Дарашкевіч. – З таго часу ўжо прайшло дзесяць гадоў і ніколькі не шкадую аб тым, што тады пагадзілася.

Зараз яна працуе на пасадзе старшага матроса-выратавальніка ў раённым аддзяленні ОСВОД.

Родныя Ганны Дарашкевіч яе выбар успрынялі добра, бо даўно прывыклі, што яна часта адсутнічае дома: то на спаборніцтвах, то на зборах…

Справа яе, вядома ж, не зусім жаночая. З усіх раёнаў вобласці ў ОСВОД яна адзіная прадстаўніца прыгожай паловы чалавецтва. Але падчас размовы з карэспандэнтам райгазеты Ганна Уладзіміраўна пераканала ў тым, што мужчынам яна ніколькі не саступае і такая спецыфіка працы ёй падабаецца.

– Усё вырашаецца хутка і без лішніх слоў, – адзначае яна. – Прывыкла да такой суладнай працы ў мужчынскім калектыве, і ўжо не ўяўляю сабе, як працавала б сярод жанчын.

Офіс таварыства размешчаны ў Магілёве, а ў нашым раёне яна працуе адна.

Цяпер, у зімовы перыяд, яе праца накіравана ў асноўным на прафілактыку. Сумесна з прадстаўнікамі РАНС і РАУС наведвае навучальныя ўстановы раёна.

– Праводзім для вучняў і выхаванцаў дашкольных устаноў лекцыі, гутаркі, віктарыны, – дадае Ганна Дарашкевіч. – Дзецям трэба на пастаяннай аснове нагадваць пра бяспеку, каб яны некалькі разоў задумаліся перад тым, як пайсці на лёд, далёка заплысці і г. д. Я сама выхоўваю дваіх сыноў. Старэйшаму 14 гадоў, малодшаму – чатыры. З дзяцінства прывіваю ім любоў да спорту, абодва ўжо ўмеюць добра плаваць. Але ўсё роўна кожны раз падстрахоўваюся, пастаянна нагадваю ім элементарныя правілы паводзін на вадзе, не выпускаю іх з-пад увагі, як толькі яны патрапляюць у ваду.

З 15 мая па 1 верасня, пакуль доўжыцца купальны сезон, матрос-выратавальнік пастаянна дзяжурыць каля вадаёмаў.

– У нашым раёне зарэгістраваны дзесяць дазволеных і столькі ж забароненых для купання месцаў, – распавядае яна. – На дазволеных назіраю за паводзінамі адпачывальнікаў, гляджу, каб абстаноўка была спакойнай. А вось на забароненыя месцы часта выязджаем з рэйдамі, абследуем іх, каб ніхто там не купаўся.

Ганна Дарашкевіч адзначыла, што за апошнія тры гады на тэрыторыі раёна не зарэгістравана ніводнага выпадку ўтаплення людзей.

– Часта назіраю за паводзінамі адпачывальнікаў, хачу адзначыць, што людзі сталі адказней паводзіць сябе на вадзе, – дадае матрос-выратавальнік.

Калі ў Ганны Уладзіміраўны пытаюцца, хто яна па прафесіі, то не заўсёды вераць з першага разу, бо выбрала для сябе не зусім жаночую справу, даказаўшы тым самым, што і слабы пол таксама можа выдатна спраўляцца з адказнымі і няпростымі задачамі.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *