Прафесія ўрача адна з самых паважаных у грамадстве

Прафесія ўрача адна з самых паважаных у грамадстве, і ў той жа час яна адказная і складаная. Таму і не дзіўна, што ў медыцынскую сферу людзі ідуць па закліку сэрца.

Безимени-1

 

Вось і ўрач-неўролаг ЦРБ  Ілона РАМАШЫНА пасля заканчэння школы нядоўга вырашала, кім яна хоча быць. Канечне, медыкам!

З 2012 года яна займае пасаду неўролага райпаліклінікі і заадно загадвае неўралагічным аддзяленнем ЦРБ. Па выніках працы за 2013 год гэта аддзяленне стала лепшым у раёне ў штогадовым спаборніцтве. Сёлета Ілона Андрэеўна прызнана лепшай па прафесіі сярод медработнікаў раёна.

– Галоўнае, шчыра працаваць, – падзялілася сакрэтам прафесійных поспехаў жанчына-ўрач. – Дапамагаць людзям, па-першае, вялікая адказнасць, бо ад правільнасці маіх дзеянняў залежыць не толькі агульны стан здароўя чалавека, а, часам, і яго жыццё. Многія неўралагічныя хваробы працякаюць вельмі цяжка, за хворымі патрэбен пастаянны догляд. Бываюць выпадкі, калі ў аддзяленне мяне могуць выклікаць сярод ночы.

Увогуле, такія асаблівасці сваёй прафесіі Ілона Рамашына за цяжкасці не лічыць. Хоць неўралагічнае аддзяленне бальніцы ніколі не пустуе.

– Сфера маёй адказнасці – гэта 13 ложкаў для неўралагічных хворых і 12 – сацыяльных,  – распавядае доктар. – На зіму частка “сацыяльных” пацыентаў пераязджае ў вёску Прыбар, дзе за імі ажыццяўляюць догляд у пансіянаце сумеснага пражывання  ХДГА “Табея”. Але працы менш не становіцца. Акрамя таго, кансультую бацькоў немаўлятак да года ў дзіцячай паліклініцы і жанчын, у якіх былі ці назіраюцца ўскладненні стану пры цяжарнасці.

– Напішыце, напішыце пра нашага доктара, – просіць карэспандэнта раёнкі пацыентка сацыяльнага ложка Ганна СІДАРЭНКА. – Дабразычлівая, адказная, заўсёды дапаможа парадай і пацікавіцца, як здароўе. У нашым аддзяленні ўвогуле ўвесь персанал добры, уважлівы. Ад усёй душы ўдзячная ім за працу.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *