Першачарговая задача

псвУ прэс-цэнтры газеты “Зара над Друццю” аб прафсаюзных справах распавяла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, якія ўваходзяць у ФПБ, Святлана ПАТАПЧЫК.

– Якая, на вашу думку, сёння роля прафсаюзаў у грамадстве?

– Прафесійныя саюзы бяруць удзел ва ўсіх сферах дзейнасці нашага раёна і краіны ў цэлым. Раённае аб’яднанне прафсаюзаў – самая шматлікая арганізацыя Бялыніччыны, якая аб’ядноўвае больш за 5,5 тысячы чалавек. Гэта 70 пярвічных арганізацый, 2 праф-групы і 3 райкамы.

Мы жывем у дынамічным і мабільным свеце, а значыць, павінны ісці ў нагу з часам. Рост дабрабыту, павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва, стварэнне ўмоў для развіцця  чалавечага патэнцыялу на аснове павышэння эфектыўнасці функцыянавання сістэм аховы здароўя, адукацыі, культуры, удасканаленне сацыяльна-эканамічных адносін, інавацыйнага развіцця – гэта ўсё з’яўляецца прыярытэтнымі задачамі прафсаюзаў.

– Святлана Уладзіміраўна, хацелася б даведацца, як развіваюцца ўзаемаадносіны прафсаюзаў з наймальнікамі.

– У адказ на пытанне прывяду словы Прэзідэнта краіны. На 7 З’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА сказаў: “На беларускай зямлі працуеш, працуе там наш чалавек, значыць, павінна быць арганізацыя, якая яго будзе абараняць. Гэта павінны быць нашы прафсаюзы”. Таму працуем, зыходзячы з гэтай пазіцыі, на аснове супрацоўніцтва, узаемадзеяння         і ўмацавання сацыяльнага партнёрства.

Першы крок па забеспячэнні сацыяльнай абароны чалавека працы – гэта стварэнне на прадпрыемстве прафсаюзнай арганізацыі, другі – заключэнне калектыўнага дагавора. З 2015 па 2017 гады ў раёне створаны 7 пярвічных прафсаюзных арганізацый. І наша задача – зрабіць усё магчымае, каб абараніць чалавека працы, а значыць, ва ўсіх прадпрыемствах, арганізацыях і ўстановах павінны быць нашы прафсаюзныя ячэйкі.

На сёння ва ўсіх пярвічных прафсаюзных арганізацыях раёна дзейнічаюць калектыўныя дагаворы. З іх 63 “мясцовыя канстытуцыі” зарэгістраваны ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

– Усім вядома, што Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 студзеня падпісаў Дэкрэт № 1 “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”.

– Прафсаюзы не застаюцца ў баку ад рэалізацыі Дэкрэта № 1. Дакумент, як адзначыў старшыня ФПБ Міхаіл ОРДА, будзе спрыяць легалізацыі занятасці людзей на рынку працы. І гэта, безумоўна, вельмі патрэбны крок. Прафсаюзы заўсёды выступалі за тое, каб бізнес быў легальным і празрыстым. Таму што пры выкарыстанні “шэрых” схем і выплаце заробкаў у “канвертах” абарона работнікаў значна зніжаецца. Чалавек пазбаўляецца справядлівай аплаты за адпачынак, бальнічны, у перспектыве рызыкуе застацца без пенсійных выплат.

Да таго ж, закладзеныя ў дакуменце механізмы прадугледжваюць роўную сацыяльную адказнасць усіх грамадзян. Гэта сумленны і справядлівы падыход. Кожны грамадзянін, які можа працаваць, павінен на роўных удзельнічаць у фінансаванні тых паслуг, што ён атрымлівае.

Разам з тым, ФПБ выступае за тое, каб пры рэалізацыі механізмаў, прадугледжаных Дэкрэтам № 1, былі прапісаны і дадатковыя гарантыі занятасці для добрасумленных работнікаў.

– Пытанні аховы працы таксама ўваходзяць у кампетэнцыю прафсаюзаў. Якая работа праводзіцца ў гэтым накірунку?

– Сапраўды, сёння прадстаўнікі прафсаюзаў актыўна ўдзельнічаюць у мабільных рэйдах і ажыццяўляюць кантроль за выкананнем заканадаўства аб ахове працы. У прафсаюзных арганізацыях раёна працуюць грамадскія інспектары, якія ажыццяўляюць штодзённы і штомесячны кантроль аховы працы з вядзеннем адпаведных журналаў.

Яны таксама сочаць за тым, каб на вытворчасці для работнікаў былі забяспечаны камфортныя ўмовы іхняй працы і адпачынку. У прыватнасці, правяраюць, ці выконваецца тэмпературны рэжым на працоўных месцах, ці абсталяваны пакоі прыёму ежы, кантралююць правядзенне прафілактычных медыцынскіх аглядаў, садзейнічаюць аздараўленню насельніцтва і г.д.

Трэба адзначыць, што практычна ва ўсіх прадпрыемствах і арганізацыях раёна функцыянуюць пакоі прыёму ежы і сталовыя. У сельгаспрадпрыемствах ажыццяўляецца зніжэнне кошту харчавання для работнікаў у час пасяўной і ўборачнай кампаній.

У выпадку выяўлення парушэнняў кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў выдаюцца рэкамендацыі па іх ліквідацыі. Варта заўважыць, што на месцах прыкладаецца нямала намаганняў для выканання гэтых патрабаванняў.

– ФПБ на пастаяннай аснове праводзіць прававыя прыёмы грамадзян у рэгіёнах. На ваш погляд, гэтая практыка сябе апраўдвае?

— Безумоўна. Прававыя прыёмы праходзяць у апошні чацвер кожнага месяца ў розных фарматах. Прафсаюзныя юрысты прымаюць грамадзян у раённым аб’яднанні і выязджаюць на прадпрыемствы, каб на месцах адказаць на пытанні працоўных і дапамагчы вырашыць іх праблемы, калі такія маюцца.

У апошні час такія прыёмы грамадзян праводзяцца сумесна з прадстаўнікамі пракуратуры раёна. Кожную апошнюю сераду месяца з 9.00 да 12.00 асабіста прымаю грамадзян у раённым аб’яднанні прафсаюзаў.

У мінулым годзе дапамогу прававых інспектараў працы ФПБ атрымалі 42 жыхары раёна. Палітра пытанняў разнастайная: аплата працы за сумяшчэнне, парадак пераводу работніка на іншую пасаду, выплаты па калектыўным дагаворы, дыскрымінацыя па ўзросце пры прыёме на працу, парадак устанаўлення перыяду працы ў арганізацыі пры адсутнасці дакументаў у архіве і іншыя.

– Святлана Уладзіміраўна, раскажыце, калі ласка, аб удзеле прафсаюзаў раёна ў выбарчай кампаніі, якая нядаўна завяршылася.

– 18 лютага 2018 года прайшлі выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць восьмага склікання.  60 прафсаюзных актывістаў прымалі ў іх удзел у складзе выбарчых камісій рознага ўзроўню, 5 былі зарэгістраваныя ў якасці назіральнікаў ад прафсаюзаў.

Лічу, што сёння, захоўваючы высокую планку прафесіяналізму і адказнасці, прафсаюзныя актывісты павінны даражыць сваім імем, быць адкрытымі і праводзіць шырокамаштабную тлумачальную работу ў працоўных калектывах. Яны ведаюць людзей і іх клопаты. Таму наша агульная задача – захоўваць стабільнасць у грамадстве, якая шмат у чым залежыць ад кожнага з нас.

Гутарыў

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *