З 26 лютага па 11 сакавіка праваахоўнікі склалі 45 адміністрацыйных пратаколаў

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 26 лютага па 11 сакавіка праваахоўнікі склалі 45 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку за знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення – 33, дробнае хуліганства – 5, сямейны скандал – 3, непадпарадкаванне  – 3, наўмысная шкода маёмасці – 1.

Злодзеі не спяць. Магіляўчанін патэлефанаваў у дзяжурную службу РАУС і паскардзіўся на “даўгарукіх”, якія вынеслі з яго лецішча ў в. Камяніца чыгунную ванну і металічныя трубы. Невядомы пашнырыў і на лецішчы жыхара райцэнтра ў Запакуллі, адкуль скраў прадукты харчавання.

Такія розныя чатырохлапыя. Бялынічанка патэлефанавала ў міліцыю і папрасіла адшукаць яе сабаку. Яго жанчына спусціла з павадка, і лабрадор знік у невядомым напрамку. А вось у аграгарадку Вішоў чатырохлапы сябар мясцовай жыхаркі сарваўся з прывязі і пакусаў дзіця. На гаспадыню жывёлы складзены адміністрацыйны пратакол.

Прылёг адпачыць. Вартаўнік мехдвара з аг. Цяхцін патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў, што каля варот мехдвара ляжыць незнаёмы мужчына. На аматара паляжаць у сняжку праваахоўнікі склалі адміністрацыйны пратакол.

Атруціліся. 8 сакавіка ў рэанімацыйнае аддзяленне ЦРБ быў дастаўлены і шпіталізаваны жыхар аграгарадка Вішоў з дыягназам: “алкагольная кома, атручэнне алкагольным сурагатам”. А ўвечары 11 сакавіка ў рэанімацыю патрапіла яшчэ адна жыхарка Вішова з вострым атручваннем парамі ртуці.

Аўташкоднікі. Жыхар Бялынічаў паскардзіўся праваахоўнікам на невядомага вадзіцеля, які папсаваў яго “Сітраен” і знік з месца здарэння. А магіляўчанка заявіла ў міліцыю на жыхара Забалацця Галоўчынскага сельсавета. Ён пабіў тры форткі ў яе аўтамабілі. Шкоднік атрымаў адміністрацыйны пратакол.  

Свята вырашылі прадоўжыць. 9 сакавіка бялынічанка патэлефанавала ў дзяжурную службу РАУС і паведаміла, што ў кафэ “Руская тройка” знаёмая кінула ў яе бутэлькай шампанскага.

Вулічныя разборкі.  11 сакавіка ў міліцыю патэлефанаваў бялынічанін і паскардзіўся на невядомых, якія позна ўвечары спынілі яго на вуліцы Мічурына і пабілі. Літаральна праз пару гадзін праваахоўнікі прынялі паведамленне яшчэ аднаго мужчыны. Невядомыя спынілі яго на вуліцы Калініна райцэнтра, пабілі і забралі грошы. Аматары пабіцца і ўкрасці ўстаноўлены.  Узбуджана крымінальная справа.

Ганна КАВАЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *