АПА выратуе жыццё

Падчас наведвання домаўладанняў нашага раёна з аглядальнай камісіяй не раз звяртала ўвагу на тое, што супрацоўнікі РАНС настойліва рэкамендуюць гаспадарам абсталяваць жыллё аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі. Да просьбы выратавальнікаў людзі ставяцца па-рознаму: некаторыя прыслухоўваюцца і адразу ж бягуць у магазін, у кагосьці ён ужо даўно маецца, а ёсць катэгорыя людзей, якія не бачаць патрэбы ў ім.

Карэспандэнт райгазеты звярнулася да інспектара ГПіУГ РАНС Кацярыны  ЛЮБІВАЙ, каб яна расказала, чаму так важна мець у хаце ці кватэры апавяшчальнік.

– Не праходзіць і дня, каб у якім-небудзь населеным пункце нашай краіны не ўспыхнуў пажар, – адзначыла яна. – Агонь пазбаўляе людзей нажытай гадамі маёмасці, пакідаючы іх без даху над галавой. Але самае страшнае – калі гінуць людзі. У 2017 годзе ў рэспубліцы адбыліся 5307 пажараў, загінулі 489 чалавек, у тым ліку 4 дзіцяці.

Па словах інспектара, большасці трагедый можна было б пазбегнуць, калі б у домаўладаннях быў усталяваны АПА.

Напрыклад, у студзені бягучага года АПА адвёў бяду ад жыхара Салігорска. Прачнуўшыся ў поўнач ад гуку апавяшчальніка, мужчына адчуў, што пакоі яго кватэры задымлены, і хутка паведаміў у МНС. Выратавальнікі эвакуіравалі 4 чалавек. Папярэдняя прычына пажару – парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання.

– АПА – гэта найбольш даступны сродак, здольны засцерагчы людзей і іх жыллё ад страшэнных наступстваў пажару, – адзначае Кацярына Любівая. – Прыбор рэагуе нават на невялікае задымленне, падаючы рэзкі гукавы сігнал, пачуць які можа не толькі чалавек, які спіць, але і яго суседзі. Абслугоўванне АПА не патрабуе вялікіх фінансавых выдаткаў: трэба ўсяго толькі раз у паўгода мяняць элемент сілкавання і ачышчаць апавяшчальнікі ад пылу. Аптымальнае месца размяшчэння АПА ў жылым пакоі – цэнтральная частка столі або сцяна. Неабходнасць устаноўкі апавяшчальнікаў – бясспрэчная. Бо гэты прыбор ратуе самае галоўнае для чалавека – яго жыццё.

Гутарыла Марыя ШУТ.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *