Чарговы сход, на якім разгледжаны вынікі фінансава-гаспадарчай дзейнасці за мінулы год, прайшоў у ААТ “Новая Друць”

Чарговы сход, на якім разгледжаны вынікі фінансава-гаспадарчай дзейнасці за мінулы год, прайшоў у ААТ “Новая Друць”. Удзел у ім прынялі намеснік старшыні райвыканкама Алена КОТАСАВА, старшыня Цяхцінскага сельвыканкама Аляксандр ЦЫБУЛЬСКІ.

Безимени-2

Напярэдадні выніковай справаздачнасці адпаведныя сходы былі праведзены ва ўсіх структурных падраздзяленнях таварыства. Дырэктар ААТ “Новая Друць” Анатоль ДРАЗДОЎ адзначыў: справаздачныя сходы сёлета будуць праводзіцца штомесячна, што  пасадзейнічае кропкава і канкрэтна ўплываць на сітуацыю па вытворчасці сельгаспрадукцыі, выкананне пастаўленых задач, вырашэнне праблемных момантаў.

Адным з самых значных хібаў у арганізацыі дзейнасці таварыства кіраўнік яго назваў недасканаласць уліковай палітыкі, на падставе якой ажыццяўляецца тактыка і выпрацоўваецца стратэгія развіцця сельгаспрадпрыемства, пралічваюцца перспектыўныя шляхі. У сувязі з гэтым Анатоль Драздоў прапанаваў увесці ў штат спецыяліста, які будзе персанальна адказваць за распрацоўку, арганізацыю і штодзённую рэалізацыю ўліковай справы. А з 1 красавіка бягучага года ўсе вытворчыя падраздзяленні пераводзяцца на гаспадарчы разлік, калектывы якіх, як і кіраўнікі, будуць  матэрыяльна зацікаўлены ў штодзённым правядзенні ўлікаў і падлікаў, павелічэнні вытворчасці прадукцыі, росце атрыманай грашовай выручкі.

— Мы проста не ўмеем лічыць, не хочам разбірацца, унікаць у сутнасць,– выказаў думку Анатоль Драздоў. – Адкуль узяліся 24 тысячы рублёў страты на         вытворчасці мінеральнай вады пры адносна высокай рэнтабельнасці? Чаму дзве тысячы рублёў страт прынёс наш сад, калі сёлета не   выкарыстоўвалі для догляду яго “хімію”, а яблыкі прадалі па дастаткова дастойнай цане? Не можам дакладна адказаць на гэтыя пытанні па той простай прычыне, што не навучыліся падлічваць затраты.

АГ Ц 048

Кажучы аб агульных выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці таварыства за мінулы год, кіраўнік яго назваў наступныя лічбы: грашовая выручка склала 11358 тысяч рублёў (110 % да 2016 года), выручка на аднаго работніка – 33,4 тыс. руб. (125,6 %), атрымана           1 тысяча 18 руб. чыстага прыбытку, сярэднямесячная зарплата за год склалася на ўзроўні 557 рублёў (120 %).

У структуры гаспадарчай дзейнасці сельгаспрадпрыемства жывёлагадоўля займае долю ў 60 працэнтаў, гэта значыць, – з’яўляецца асноўным вытворчым відам. Аднак, за мінулы год заданні не выкананы як па вытворчасці (95,4 %), так і па рэалізацыі (94 %) малака, пры рэнтабельнасці галіны 39,2 працэнта. Стратнай аказалася і вытворчасць мяса.

У раслінаводстве прыбытак гаспадарцы прынеслі бульба – 392 тысячы рублёў пры 99,2 % рэнтабельнасці, рапс – 85000 руб., 21,2 % рэнтабельнасць.

Недабор жывёлагадоўчай прадукцыі за мінулы год у гаспадарцы напрамую звязваюць з правалам корманарыхтоўкі ў 2016 годзе, нізкай прадукцыйнасцю поля, станам корманарыхтоўчай тэхнікі, недастаткова прадуманай сістэмай арганізацыі кармлення БРЖ у летні перыяд, калі частка зялёнай травяной масы дастаўлялася на фермы і комплексы, а не буртавалася ў траншэях.

Вучачыся на мінулагодніх памылках, пра кармавую базу для жывёлагадоўлі тут клапоцяцца ўжо сёння. Таварыства заключыла з вучонымі дагавор па навуковым планаванні і суправаджэнні корманарыхтоўчай галіны, дзе стаўка сёлета зроблена , у тым ліку, і на максімальнае выкарыстанне магчымасцей прамежкавых пасеваў. Адна з навінак – правядзенне эксперыменту, скіраванага на паляпшэнне структуры кукурузнага сіласу праз палосную сяўбу гэтай культуры і бабовых і папярочную ўборку сумесна вырашчанага ўраджаю.

Намеснік дырэктара таварыства па раслінаводстве Уладзімір НАПРЭЕНКА звярнуў увагу на пільную патрэбу замены вырошчвання пэўных гатункаў зерневых і зернебабовых культур, у прыватнасці, у першую чаргу – пшаніцы (праблемы па клейкавіне) і гароху. Начальнік Старасельскага вытворчага ўчастка Рыгор ЖУКАЎ унёс прапанову па стварэнні сістэмы нарыхтоўкі травяных кармоў для буйной рагатай жывёлы ў прадстаячы нарыхтоўчы сезон.

Намеснік старшыні райвыканкама Алена Котасава ў сваім звароце да ўдзельнікаў сходу заклікала іх да самадысцыплінаванасці, паколькі адным з галоўных складнікаў недабору прадукцыі, пралікаў у гаспадарча-фінансавай дзейнасці з’яўляецца славуты чалавечы фактар, які наўпрост звязаны з захаваннем выканаўчай і тэхналагічнай дысцыплін, рэгламентаў, пасадавых патрабаванняў.

— Трэба не перакладваць абавязкі, як і адказнасць, на іншых, – сказала яна, – а дапамагаць адзін аднаму. Пастаянна вучыцца адзін у аднаго.

Анатоль Драздоў падчас правядзення выніковага справаздачнага сходу некалькі разоў спасылаўся на досвед працы СВК “Калгас “Радзіма”. Прыводзіў таксама ў прыклад і ААТ “Ціхінічы” агракамбіната “Мачулішчы”, дзе днямі з групай  работнікаў свайго сельгаспрадпрыемства прымаў   удзел у семінары. Дык вось, яшчэ некалькі гадоў таму гэта таварыства было самай адсталай гаспадаркай холдынгу. А сёння яны –  самыя лепшыя, з’яўляюцца шматгаліновай гаспадаркай, якая спецыялізуецца на вытворчасці малака, вырошчванні цялушак, зерня, бульбы, садавіны.

У свой час, дакладна пралічыўшы перспектывы далейшага развіцця, тут зрабілі стаўку на вытворчасць малака. І не пралічыліся – сёння штодзённая вытворчасць сырадою ААТ “Ціхінічы” складае больш за 75 тон, гаспадарка самадастатковая, набывае тэхніку, стабільна развіваецца…

— Прыклады, на якія нам неабходна арыентавацца, ёсць. Іх многа, – сказаў сваім паплечнікам і падначаленым кіраўнік ААТ “Новая Друць”. – Адной з галоўнейшых задач з’яўляецца якасная і паспяховая рэалізацыя ўсяго таго, аб чым мы толькі што пагаварылі на сходзе. І карэнным чынам патрэбна перафарматаваць уласныя адносіны да працы, выканання сваіх службовых абавязкаў.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *