Маладыя сэрцам і душой

У раённым Цэнтры культуры адбыўся заключны канцэрт абласнога агляду-конкурсу калектываў мастацкай творчасці і індывідуальных выканаўцаў XIV рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны”.

морячок

У гэты дзень у Бялынічы завіталі прадстаўнікі ветэранскіх аб’яднанняў з Магілёва і ўсіх раёнаў вобласці. У фае РЦК разгарнуліся выставы дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, на якіх былі прадстаўлены самыя неверагодныя вырабы з дрэва, гліны, воўны, бісеру, ажурнае вязанне… Усе гэтыя шэдэўры былі зроблены рукамі людзей, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку.

– Я 45 гадоў адпрацавала кінамеханікам, – распавядае народная майстрыха з Быхава Людміла СЦЯПАНАВА. –                 І ніколі не разлучалася са сваім захапленнем – вышыўкай. Прычым, схемамі карыстаюся вельмі рэдка, большасць узораў нараджаюцца самі па сабе, я толькі паспяваю ўвасабляць іх у жыццё. А калі сэрца апантана творчасцю, то і на ўзрост увагі не звяртаеш.

Пацвердзілі яе словы і іншыя рамеснікі, якія знаёмілі бялынічан і гасцей свята са сваімі творамі. Сярод іх рэзчык па дрэве Мсціслаўскага раённага дома рамёстваў Рыгор СВЯДОМСКІ, майстрыха з  Хоцімска Таццяна КАВАЛЁВА, удзельнікі артстудыі “Связь времён” пры ветэранскай арганізацыі Магілёўскага аддзялення беларускай чыгункі…

хотимск

А ў самай галоўнай частцы мерапрыемства, святочным канцэрце, прынялі ўдзел каля сарака творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў.

Кожны калектыў і выканаўцаў, якія выходзілі на сцэну, гледачы сустракалі бурнымі апладысментамі. Гэта і не дзіўна, бо многія з іх аддалі служэнню мастацтву шмат гадоў і зараз, у “залатым” узросце, актыўна займаюцца творчасцю і перадаюць свой багаты вопыт маладому пакаленню. Выканальніцкае майстэрства ні на хвіліну не адпускала гледачоў. Кожнае выступленне было асаблівым і запамінальным.

профс

Шчырыя словы падзякі за канцэрт выказаў намеснік начальніка аддзела арганізацыйна-адміністрацыйнай работы рэспубліканскага Палаца культуры ветэранаў Яўген МАСІНОВІЧ. Ён уручыў спецыяльныя дыпломы “За адраджэнне і захаванне народных традыцый” самабытным майстрыхам Марыі САЛАНОВІЧ з Кіраўскага раёна і Таццяне КАВАЛЁВАЙ з Хоцімска, народнай студыі дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва “Чараўніцы”, якая працуе пры Магілёўскім ГЦК і ВЧ. А таксама ўзнагародзіў дыпломамі ІІІ ступені калектывы і выканаўцаў, у лік якіх увайшоў і народны хор ветэранаў працы “Натхненне” нашага РЦК.

Дырэктар абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Алег ХМЯЛЬКОЎ уручыў дыпломы І ступені пераможцам конкурсу.

Спецыяльнымі граматамі “За шматгадовую творчую дзейнасць, высокае выканальніцкае майстэрства, духоўнае і патрыятычнае выхаванне насельніцтва” і памятнымі падарункамі адзначыў удзельнікаў канцэрта намеснік старшыні савета Магілёўскай абласной арганізацыі ветэранаў Сямён КАПУСЦІН.

Усе пераможцы прадставяць Магілёўскую вобласць на заключным этапе фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны”, які пройдзе ў Мінску.

Святлана

МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *