Дзмітрый ГОБАРАЎ правёў прыём грамадзян па асабістых пытаннях і прамую тэлефонную лінію ў Запольскім сельвыканкаме

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 Дзмітрый ГОБАРАЎ правёў прыём грамадзян па асабістых пытаннях і прамую тэлефонную лінію ў Запольскім сельвыканкаме.

Безимени-1

Разам з ім у вырашэнні праблемных зваротаў насельніцтва ўдзельнічалі сенатар, дырэктар ААТ “Новая Друць” Анатоль ДРАЗДОЎ, старшыні райсавета дэпутатаў Андрэй ГАНЧУК і Запольскага сельсавета Святлана ВАЛЧКОВА.

Дзмітрый Гобараў паінфармаваў аб дзейнасці дэпутацкага корпуса беларускага парламента за бягучы год, расказаў аб сваёй працы як дэпутата і намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Што ж да зваротаў, то асабліва кранула і дэпутата, і прысутных на прыёме жыццёвая сітуацыя, у якую патрапіла жыхарка райцэнтра, пенсіянерка  Алена Георгіеўна.

Крыху больш за тры гады назад згарэла яе жыллё. Кіраўніцтва ААТ “Бабуліна крынка”, у якім жанчына працавала з 1979 года, выдзеліла ёй кватэру на ўмовах арэнды. Ускладняе сітуацыю яе здароўе. Пенсіянерка вымушана падоўгу знаходзіцца на лячэнні. Па яе словах, яна толькі што выпісалася з бальніцы, дзе лячылася цягам сямі месяцаў. Лекі дарагія, арэндная плата за жыллё высокая і мала што застаецца ад пенсіі на пражыццё.

Алена Георгіеўна пацікавілася ў дэпутата адносна прыватызацыі кватэры. Аднак гэты працэс, які доўжыўся два дзясяткі гадоў, патлумачыў Дзмітрый Гобараў, завяршыўся. Дэпутат таксама паінфармаваў, што ў Беларусі непрыватызаваным застаецца яшчэ 8 працэнтаў жылля.

— Безумоўна, – адзначыў Дзмітрый Гобараў, – тая жыццёвая сітуацыя, у якую патрапіла Алена Георгіеўна, вельмі складаная, і падчас правядзення прыёму грамадзян яе з-за шматлікіх нюансаў вырашыць проста немагчыма. Са свайго боку пастараюся дапамагчы жанчыне ў атрыманні, напрыклад, адраснай сацыяльнай дапамогі, калі яна мае на яе законнае права. Спадзяюся, што і кіраўніцтва, і працоўны калектыў ААТ “Бабуліна крынка” не застануцца безуважнымі да жыццёвых праблем сваёй былой работніцы і калегі. 

Дэпутат таксама адзначыў, што многія праблемы жыхароў выбарчай акругі, з якімі тыя звяртаюцца да яго, вырашаюцца ў цесным супрацоўніцтве і пры падтрымцы мясцовай улады.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *