Страшна. Але прыгожа…

Тэатральны сезон у Магілёве багаты на прэм’еры. У лютым публіцы быў прадстаўлены эксперыментальны спектакль “Ліпень” у пастаноўцы галоўнага рэжысёра драмтэатра Саўлюса ВАРНАСА па аднайменнай п’есе Івана ВЫРЫПАЕВА.

июль

Казаць пра “Ліпень” складана. Але маўчаць аб ім амаль немагчыма. Таму што словы прарастаюць травой скрозь асфальт, і сказаць усё ж такі прыходзіцца.

Мы не бачым у спектаклі галоўнага яго героя, гэтага маньяка-забойцу, персанажа ў значнай ступені мамлееўскага, падобнага тыпажом да таго самага Фёдара Соннава са знакамітых “Шатунов”. Але ж здагадваемся, што ён не проста вар’ят, які адправіўся на пошукі смаленскай “дуркі” пасля забойства. Гэта чалавек, які закліканы раскрыць перад намі быційныя глыбіні, існуючыя па-за межамі этыкі і эстэтыкі. Нецэнзурная лексіка, антыэстэтыка і антыгерой – скальпелі, якімі ўскрываецца звыклае адчуванне рэальнасці. Так паказваецца няўстойлівасць звычайных паняццяў і пашыраюцца межы разумення сябе ў тым, пра што прынята замоўчваць.

Галоўную ролю выконвае Юлія ЛАДЗІК – актрыса тонкай душэўнай арганізацыі, якая прачула сутнасць напісанага Вырыпаевым тэксту да кропкі, пасля якой надыходзіць цішыня разумення. Яе гульня настолькі выбудаваная і вывераная, прасякнутая духам, што даходзіць да самага цэнтра глядацкага перажывання, пакідаючы пасля сябе, як павіслую         ў паветры ноту, пачуццё ачышчэння і прыняцця. Але ад гледача патрабуецца намаганне, падобнае таму, як пераступіць парог, перад якім ты таптаўся не адзін год.

Жывое музычнае афармленне ў выкананні Аляксандра АРЦЕМ’ЕВА гарманічна ўплятаецца ў канву п’есы па гучанні, рэзаніруе з танальнасцю тэкста і, “апранаючы” падзеі ў гук, “апранае” іх у жыццё. Ударная ўстаноўка, злучаная з актрысай чорным аксамітам, быццам чорным жгутам мыслення, атрымлівае імпульс ад таго, што адбываецца, і адклікаецца: то выбухаючы шумнымі ўдарамі, то ціха патрэскваючы, у залежнасці ад сітуацыі.

Ліпень – гэта змрок і тое, адкуль ён прыходзіць, гэта два сабакі ў згарэлым доме, два сабакі ў палаючым сэрцы, гэта ўсе адценні чалавечнасці. Відавочна, што ўспрымаць усур’ёз дзеянні маньяка-забойцы бессэнсоўна, бо значнасць фізічнай смерці настолькі абясцэнена і нівеліравана ў спектаклі, што не мае ніякага значэння. Галоўнае – гэта пошук душы (уласцівы і “Шатунам”, таму і праводжу такую паралель), чалавека ў чалавеку і выратавання. “Вар’яцтва з’ядае хлусню. Кроў знішчае няпраўду”. Закрануты тэмы, уласцівыя Вырыпаеву, і яны чырвонай ніткай праходзяць скрозь яго рэжысёрскія работы. Аднак раскрываюцца яны толькі дзякуючы таму, што гледача праводзяць праз глыбокую густую цемру чалавечай існасці. І нягледзячы на звар’яцелую жонку, забітых суседа, бамжа, бацюшку-Ліпеня і з’едзенага сабаку – гэта менавіта чалавек. Які бяжыць, бораецца, сумняваецца.

З глыбіні памяці ўсплывае Жанна з дзяцінства М. з дзіўнымі нагамі – як маяк або якар, які пакінуў сабе герой і з якім быў нябачна звязаны ўсё жыццё. І хай гэта не Жанна М., а толькі яе вобраз, напамін падабенствам рыс, блік, рэмінісцэнцыя – скрозь гады маньяк-забойца пранёс яе ў сваім сэрцы, ён здольны любіць, і менавіта гэта вызначае яго асобу. Трансфармацыя актрысы на сцэне раўняецца агаленню душы героя, і ўсё апавяданне Юліі Ладзік – як бы споведзь душы гэтага чалавека без нормаў і межаў у галаве. Аднак ён здольны ўспрымаць катэгорыі нематэрыяльныя і вельмі важныя для жыцця чалавечага духу: любоў, сапраўднае “Я”, адносіны з Богам.

А Ліпень, ненавісны, гарачы, у якім няма мёду, – гэта любоў і гэта жыццё. Гэта тое, што мы заўсёды носім у сабе, але пра што забываем.

Спектакль атрымаўся, як бы супярэчліва гэта ні гучала, светлым і цудоўным. Сярод гэтага ліпеньскага тэкста – паміж тэкстам – трэба было сказаць пра галоўнае. І галоўнае прагучала.

Праведзена вялікая важная праца рэжысёра, актрысы і музыканта, якая дзякуючы сваёй сінергіі паказвае нам тэатральны цуд, кранальны і сапраўдны.

Алена БЫКАВА.

Фота прадастаўлена Магілёўскім абласным драматычным тэатрам.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *