Крыніца жыцця, альбо Успамін пра свае карані

Супрацоўнікі Вішоўскага СЦК і ВЧ на працягу бягучага года будуць дэманстраваць вяскоўцам і гасцям аграгарадка мабільную выставу “Да вытокаў сваіх вяртаючыся”.

вс2

Аб’яўлены ў нашай краіне Год малой радзімы, безумоўна, пасадзейнічае кожнаму не толькі ўспомніць пра свае карані, уласны радавод, свой дом і паселішча, дзе нарадзіўся, але і выканаць патрыятычны, грамадзянскі абавязак – уславіць тое месца, якое завецца тваёй Бацькаўшчынай. Праславіць руплівай працай, учынкамі, уласнымі дасягненнямі, іншымі добрымі справамі, ініцыятывамі ды акцыямі, карыснымі для роднага краю.

Адной з важных ініцыятыў, якія ажыццяўляюць на Вішоўшчыне ў Год малой радзімы супрацоўнікі мясцовага СЦК і ВЧ, з’яўляецца мабільная выстава “Да вытокаў сваіх вяртаючыся”. У экспазіцыі яе знаходзяцца ўнікальныя побытавыя рэчы, прылады працы, прадметы вяско вага інтэр’еру, якімі карысталіся ў сваім паўсядзённым жыцці прашчуры сённяшняга пакалення жыхароў аграгарадка і навакольных паселішчаў: самапрадка, каромысла, ступа, дзяжа, жорны, ночвы, жбаны, гарлачы, качалкі, калекцыі посцілак і ручнікоў, адзення, самаробныя лялькі… Прычым, усё збераглося ў добрым стане, а прылады працы можна выкарыстоўваць хоць зараз, што і дэманструюць з ахвотай наведвальнікам выставы яе  арганізатары.

– Наша выстава, – распавядае карэспандэнту раёнкі дырэктар Вішоўскага СЦК і ВЧ Алена ХАРТАВА, – зацікавіла школьнікаў, многіх вяскоўцаў. Не абмінаюць яе і шматлікія госці. Іншымі словамі, яна карыстаецца папулярнасцю, што сведчыць аб цікаўнасці людзей да свайго мінулага, уласнай гісторыі. І мы, канечне ж, задаволены, што такой вось ініцыятывай здолелі дастукацца да іх сэрцаў, абудзіць памяць. 

вс4

Пра шматлікія прадметы выставы “Да вытокаў сваіх вяртаючыся” цікава і змястоўна распавядае экскурсантам культарганізатар Вішоўскага СЦК і ВЧ Валянціна СЕЛЬВЯНКОВА. Да слова сказаць, многія экспанаты захоўваліся ў яе дома, бо перайшлі ёй у духоўную спадчыну ад бабулі. Яна ж валодае і адмысловым рэцэптам выпечкі хлеба, што адразу ж узяў на заметку старшыня СВК “Калгас “Радзіма” Аляксандр ЛАПАЦЕНТАЎ. Ён таксама адзначыў, што ўсе экспанаты гэтай выставы яднае яшчэ і тое, што яны з’яўляюцца рэліквіямі канкрэтных вішоўскіх сем’яў. А сям’я – гэта самая найвялікшая каштоўнасць, якой спадчынна валодае кожны чалавек. Хоць, на жаль, сёння далёка не ўсялякі і зберагае гэты вялікі духоўны скарб, які абавязкова дапамагае і ў  рэальным жыцці.

– І гэта проста выдатна, – сказаў Аляксандр Лапацентаў, – што ў выхаваўчым працэсе нашай выставы “Да вытокаў сваіх вяртаючыся” задзейнічаны такі багаты гісторыка-этнаграфічны матэрыял.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *