Карысныя канікулы

Апошні тыдзень сакавіка школьнікі правялі на вясновых канікулах. Але жыццё ў школах не замірала ні на хвіліну.

шахм

Як расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Жанна ЗВЯГІНА, ва ўсіх установах адукацыі раёна ў канікулярны перыяд быў арганізаваны цікавы і карысны адпачынак для дзяцей. Праводзіліся разнастайныя гульні, віктарыны, конкурсы і спаборніцтвы, якія паспрыялі не толькі аздараўленню, фізічнаму і інтэлектуальнаму развіццю вучняў, але і фарміраванню станоўчых якасцей асобы кожнага дзіцяці. У адзінаццаці школах дзейнічалі дзіцячыя аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем. Такім чынам, педагогі пастараліся ахапіць спартыўна-масавымі і аздараўленчымі мерапрыемствамі максімальную колькасць навучэнцаў.

Аўтар гэтых радкоў змог асабіста пераканацца ў гэтым, наведаўшы СШ № 1 імя М. І. Пашкоўскага. Ужо ў фае ўстановы было шумна і шматлюдна – на базе яе праходзіла раённая прадметная алімпіяда для вучняў малодшых і сярэдніх класаў. Прадэманстраваць свае веды і ўменні прыехалі лепшыя з лепшых з усяго раёна.

– У нашай школе дзейнічае аздараўленчы лагер з дзённым знаходжанне “Факел”, – распавяла журналісту намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ларыса ФІЯЛКОЎСКАЯ. – Яго наведваюць штодня 60 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў. Для іх праводзяцца мерапрыемствы патрыятычнай, спартыўнай, экалагічнай накіраванасці, па прафілактыцы шкодных звычак і фарміраванні здаровага ладу жыцця, конкурсы малюнкаў, віктарыны, экскурсіі ў раённы мастацкі музей імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі і паходы ў кінатэатр “Зорка”.

доктр

Каб не сумаваць і не паўтарацца, кожны дзень у рабят асаблівы, тэматычны. Таксама не перапынялі сваю работу бібліятэка і сацыяльная псіхолага-педагагічная служба, у работнікаў якой у выпадку неабходнасці могуць пракансультавацца і атрымаць кваліфікаваную дапамогу і падтрымку вучні і іх бацькі.

Варта падкрэсліць, што падчас аздараўлення ў школьным лагеры хлопчыкі і дзяўчынкі былі забяспечаны паўнавартасным трохразовым харчаваннем, якое ўключала таксама садавіну і дэсерт. А за ўдзел у мерапрыемствах яны атрымлівалі заахвочвальныя прызы, што вельмі іх матывуе быць актыўнымі.

Было відаць, што дзеці з задавальненнем праводзяць канікулы ў школе. Сапраўды, “жывыя” зносіны з аднагодкамі і настаўнікамі, развіццё сваіх творчых здольнасцей, экскурсіі і наведванне спартзалы – нашмат больш карысны занятак, чым праседжванне дома за камп’ютарам.

сонейк

Таксама ў час канікул увагу дзецям удзялілі і прадстаўнікі розных раённых служб. Напрыклад, як расказала інструктар-дэзінфектар райЦГЭ Ірына БУРАЯ, спецыялісты санстанцыі правялі ва ўстановах адукацыі інфармацыйна-адукацыйную акцыю “Энтарабіёз – меры прафілактыкі”. У яе рамках прайшлі гутаркі, віктарыны, конкурсы, дэманстрацыі відэафільмаў і наглядных матэрыялаў, накіраваныя на прафілактыку паразітарных захворванняў, сярод якіх найбольш распаўсюджаным з’яўляецца энтарабіёз.

Рабяты даведаліся аб шляхах заражэння і пра тое, што неабходна выконваць шэраг строгіх правіл асабістай гігіены, каб заставацца здаровымі, – коратка стрыгчы пазногці, старанна мыць рукі з мылам перад ежай, сачыць  за чысцінёй у доме і т. д.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *