Паклікала Бацькаўшчына
Кожны чалавек з цеплынёй і пяшчотай успамінае сваю малую радзіму. Бываюць, праўда, выключэнні, калі роднымі становяцца іншыя мясціны, чалавек зрастаецца з імі моцна і назаўсёды.
Такой другой радзімай стала маленькая вёска Вольніца для Юрыя МІХАЙЛАВА. Нарадзіўся ён у Малдавіі, працаваў на Поўначы. Жартуе, што па пашпарце – рускі, а па адчуваннях – беларус.
– Пераехаць у жончыну родную вёску было агульным жаданнем, – гаворыць Юрый Рыгоравіч. – Для мяне самога Вольніца даўно стала лепшым куточкам на свеце.
Юрый і Ганна Міхайлавы ніколькі не шкадуюць, што памянялі жыццё ў буйным расійскім горадзе Варкута на ціхае – у сельскай мясцовасці. Акрамя таго, яны перавезлі да сябе пажылую адзінокую цётку з Магілёва і зараз даглядаюць яе. Лёс у гэтай жанчыны таксама склаўся цікава.
Нарадзілася Вольга Акімаўна Лапо ў 1933 годзе. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ёй было ўсяго сем годзікаў. Аднак і ў гэтым узросце дзяўчынцы запомніліся трагічныя падзеі, якія закранулі і іх сям’ю. 15-гадовую сястру Надзею і 12-гадовага брата Аляксея фашысты вывезлі на прымусовыя работы.
– З Вольніцы і Сякеркі забралі ўсю моладзь і падлеткаў, – успамінае Вольга Лапо. – Старэйшы брат Валодзя хаваўся ў лесе. Помню, як прыцемкам некалькі разоў прыносіла яму паесці. Дагэтуль здзіўляюся, як бацькі адпускалі мяне, такую маленькую, у лес.
Пасля вызвалення роднай вёскі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў Уладзімір пайшоў на фронт, дзе ў хуткім часе загінуў. Але гора змянілася радасцю, калі з прымусовых работ вярнуліся брат і сястра.
Жыццё пасля вайны было нялёгкае. Вольга Акімаўна распавядае, што скончыла ўсяго тры класы школы і пайшла працаваць у мясцовы саўгас “Каліноўскі”. Выконвала ўсю цяжкую сялянскую працу на роўных з дарослымі. Прайшоў час, малодшы брат Аляксей ажаніўся і з сям’ёй стаў жыць у бацькоўскай хаце. Вольга выдатна разумела, што ёй таксама трэба ўладкоўваць сваё жыццё. Вырашыла пераехаць у Магілёў. Працавала грузчыкам, спачатку на чыгунцы, а потым у будаўнічым трэсце № 17. Нягледзячы на такі нежаночы занятак, не раз станавілася перадавіком, узнагароджана медалём “Ветэран працы”.
Уласнай сям’і жанчына не стварыла. Так склаўся лёс. А пад старасць яшчэ і хваробы пачалі адольваць. І настальгія па родных мясцінах. У Вольніцы жывуць дзве пляменніцы. Адна з іх, Ганна Міхайлава, забрала жанчыну да сябе.
– Цётка жыве з намі чацвёрты год, – гаворыць Юрый Міхайлаў. – Яна апошняя засталася з некалі вялікай сям’і. Думаю, што малая радзіма надае ёй сіл і жыццёвага аптымізму. А яшчэ дапамагаюць тыя роднасныя сувязі, якія, на жаль, у вялікіх гарадах сціраюцца.
Каментарый
Старшыня Машчаніцкага сельсавета Іна НАПРЭЕНКА:
– Сям’я Міхайлавых адна з тых, з каго можна і патрэбна браць прыклад. Юрый Рыгоравіч шмат гадоў узорна выконвае абавязкі старасты вёскі, уважлівы да ўсіх праблем аднавяскоўцаў. Да таго ж, ён з’яўляецца членам савета прафілактыкі пры сельвыканкаме. Тое, што яны з жонкай даглядаюць адзінокую цётку, таксама заслугоўвае ўвагі. Нездарма сёлета аб’яўлены Год малой радзімы. Гэта самы час звярнуць увагу не толькі на мясцовасць, дзе нарадзіўся, але, у першую чаргу, на людзей, якія не забываюць на свае карані, падтрымліваюць цесныя роднасныя сувязі, для якіх словы “малая радзіма” азначаюць больш, чым матэрыяльныя даброты .
Святлана Магілеўчык.
Фота аўтара.