Дзіця як люстэрка сям’і

У мінулую суботу прайшоў раённы бацькоўскі сход, на якім разгледжана праблема павышэння ролі сямі і яе значэнне ў жыцці дзіцяці.

Безимени-1

Перад пачаткам традыцыйнага штогадовага раённага сходу бацькоў, настаўнікаў, прадстаўнікоў зацікаўленых служб і арганізацый у фае РЦК дзейнічалі тэматычная выстава работ “Сумесная творчасць дзяцей і бацькоў”, арганізаваная МЦ “Ветразь”, кансультацыйны пункт педагога-псіхолага, для ўсіх ахвочых праводзіўся майстар-клас па цестапластыцы.

Адкрываючы пасяджэнне раённага бацькоўскага сходу, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Жанна ЗВЯГІНА зрабіла выразны акцэнт на значных, найбольш актуальных праблемах сучаснага сямейнага жыцця. Яна адзначыла, што сям’я з’яўляецца сапраўдным духоўным скарбам, універсальнай мадэллю своеасаблівай школы, дзе кожны з нас абавязкова і заўсёды праходзіць курс жыцця. І якімі мы становімся, уступіўшы ў самастойны побыт, тое найперш залежыць ад нашых самых першых настаўнікаў – бацькоў, бо іхні станоўчы прыклад у штодзённых зносінах і адносінах, актыўная грамадзянская пазіцыя, працавітасць, маральнасць, захаванне і прадаўжэнне традыцый роду, патрыятызм з’яўляюцца самым правільным шляхам у працэсе выхавання ўласных дзяцей. 

Сёння сям’я перажывае складаны ўнутраны крызіс, які спароджаны няўстойлівасцю, паўторнасцю шлюбаў, сужыцельствам, п’янствам бацькоў, перакладаннем іхняй асабістай адказнасці за выхаванне ўласных нашчадкаў на плечы настаўнікаў і школы, дзяржавы, чым падрываюцца самі асновы, векавыя, базісныя каштоўнасці традыцыйных сямейных зносін.

бсх2

Свае высновы Жанна Звягіна падмацавала і статыстыкай. Летась у нашым раёне на 102 заключаныя шлюбы прыпала 71 скасаванне іх. Калі ў 2011 годзе ў 611 няпоўных сем’ях жыхароў Бялыніччыны выхоўваліся 779 дзетак, то зараз 945 у 659. На сёння 134 хлопчыкі і дзяўчынкі жывуць у 67 сем’ях, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. А з пачатку бягучага года 9 дзяцей адабраныя ў нерадзівых бацькоў.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама падрабязна паінфармавала прысутных і аб той значнай працы, якую педагогі ўстаноў адукацыі раёна, у тым ліку і ў цесным партнёрстве з бацькамі, зацікаўленымі службамі, на пастаяннай аснове праводзяць па ўмацаванні маральных асноў сям’і, павышэнні яе ролі і прэстыжу ў сучасным грамадстве, як рыхтуюць падлеткаў да будучага бацькоўства, стварэння імі ўласных гарманічных сем’яў і суладнага жыцця ў іх.

бсх

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольга ТАРАН распавяла аб дзяржаўнай падтрымцы сем’яў, відах і парадку прадастаўлення ім матэрыяльнай дапамогі. Яна адзначыла, што на сёння ў раёне 40 шматдзетных жанчын узнагароджаныя ордэнам Маці. Што ж да дапамог, то, напрыклад, з 2015 года магчымасцю атрымаць сямейны капітал памерам у 10 тысяч долараў ЗША скарысталіся 140 (у тым ліку 42 за мінулы год) шматдзетных сем’яў раёна, за два месяцы сёлета 109 сем’ям (725 за 2017), якія выхоўваюць малых дзяцей, была прызначана адрасная сацыяльная дапамога. Выступоўца таксама спынілася і на дзяржаўных гарантыях матулям у сферы працоўных адносін.

Начальнік РАНС Віталь ВОРАНАЎ падрабязна, з прывядзеннем горкіх, балючых прыкладаў, спыніўся на прычынах гібелі дзяцей ад гэтак званых знешніх прычын: утапленне, выпадзенне праз вокны з кватэр, глытанне батарэек сілкавання, гузікаў, манет і падобных да іх дробных прадметаў, гульня з боепрыпасамі перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

Кажучы аб прычынах пажараў у раёне, неабходна адзначыць, што асноўнай стала курэнне дарослых у ложку і ў нецвярозым стане.

бсх4

Начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Анатоль ЛІТАЕЎ патлумачыў прысутным меры адказнасці падлеткаў, як і бацькоў таксама, за парушэнні заканадаўства ў інтэрнэце, за ўжыванне наркотыкаў і спайсу, іншых адурманьваючых рэчываў.

Аб тым, як лад жыцця сям’і ўплывае на здароўе дзяцей, распавяла намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Алена АРЛОЎСКАЯ. Яна падрабязна прааналізавала комплексы станоўчых і адмоўных фактараў, пазнаёміла прысутных са статыстыкай па групах здароўя падлеткаў, назвала найбольш распаўсюджаныя хваробы падрастаючага пакалення – паталогія органаў зроку, хваробы стрававальнай, эндакрыннай і косце-мышачнай сістэм. Спецыяліст звярнула ўвагу на тое, што  гіперапека бацькоў таксама ўплывае на захваральнасць іх дзяцей, у прыватнасці – на прастудныя хваробы, і канстатавала: захаванне і ўмацаванне здароўя малых і вучняў – гэта штодзённая карпатлівая праца іхніх бацькоў.

бсх3

Выкладчык нядзельнай школы храма ў гонар абраза Маці Божай Бялыніцкай Алена ГРЫБАЙЛАВА заклікала ўдзельнікаў раённага бацькоўскага сходу больш актыўна адраджаць сямейныя праваслаўныя традыцыі, калі сям’я стано-віцца дамашняй царквой, а гэтак званыя грамадзянскія шлюбы яна назвала “блудным сужыцельствам, якое нярэдка яшчэ і бацькі бласлаўляюць іконамі”. Дырэктар ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Бялыніцкага раёна” Святлана КАНДРАЦЬЕВА пазнаёміла з працай работнікаў клубных устаноў, якая скіравана на яднанне бацькоў і дзяцей праз іх сумесны адпачынак, удзел у конкурсах, аглядах сямейнай творчасці, спартыўных праграмах…

бсх6

Адным з прыемных момантаў раённага бацькоўскага сходу стала ўручэнне     24 бацькам Бялыніччыны падзячных пісьмаў раённага выканаўчага камітэта. Урачыстую цырымонію выказвання ўдзячнасці лепшым бацькам за добрае выхаванне і вялікі ўклад у паспяховасць іхніх дзяцей правяла Жанна Звягіна.

У Падзячным пісьме, у прыватнасці, гаворыцца: “Дзякуем Вам за мудрасць і цярпенне, за тое, што ўсе гэтыя гады Вы прышчаплялі свайму дзіцяці працавітасць, арыентавалі яго на самаразвіццё, дасягненне высокіх вынікаў  і дабрыню ў адносінах да людзей.”.

Напрыканцы сходу творчую прэзентацыю сваёй сям’і “Мы шчаслівыя разам” сумесна з дзецьмі Машай, Янай, Пашам і Мікітам зрабілі шматдзетныя бацькі Васіль і Ірына ЛЮБУШАК з аграгарадка Цяхцін.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *