Дружныя ў працы, моцныя і ў спорце

У лясгасе прайшла летняя спартакіяда работнікаў установы, пераможцы якой атрымалі не толькі цудоўны зарад бадзёрасці, незабыўныя эмоцыі, але і грашовыя прэміі.

лгас1

Калектыў лесагаспадарчай установы не толькі станоўча вызначаецца ў працы, але, адзначым, і ў спорце таксама. Дастаткова тут прыгадаць пастаянны актыўны і выніковы ўдзел прадстаўнікоў яго ў штогадовых галіновых спартакіядах, круглагадовай раённай… Па словах намесніка дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Юліі КУДРАВЕЦ, толькі за мінулы год на арганізацыю фізкультурна-масавых, спартыўных мерапрыемстваў было выдаткавана каля 22 тысяч рублёў. І сёлета будзе патрачана на гэтыя мэты не менш, бо дырэкцыя лясгаса сумесна з прафсаюзнай арганізацыяй вырашылі яшчэ актывізаваць гэту працу. І першай “ластаўкай”, што пацвердзіла сур’ёзнасць намеру, стала, напрыклад, правядзенне пасля пэўнага перапынку летняй спартакіяды работнікаў ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас”, якая днямі прайшла ў ФАКу “Друць”. Удзел у ёй прынялі пяць каманд, члены якіх прадставілі калектывы ўсіх структурных падраздзяленняў установы: “Кедр” (Кіраўскае, Дручанскае, Цяхцінскае лясніцтвы), “Белая сава” (Асавецкае, Бялыніцкае, Цяхцінскае), “Паўночнае ззянне” (Кастрычніцкае, Круглянскае, Эсьмонскае), “Вышэйшая ліга” (адміністрацыя лясгаса, лесапункт, паляўнічая гаспадарка), “Дружына” (цэх па перапрацоўцы драўніны). У праграму летняй спартакіяды былі ўнесены спаборніцтвы па міні-футболе, валейболе, настольным тэнісе, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, дартсе, гіравым спорце і плаванні. Лепшыя спартсмены вызначаліся як у камандных відах спорту, так і ў індывідуальных.

лг

Калі сказаць, што на спартыўных пляцоўках ФАКу разгарнулася жорсткая канкурэнтная барацьба, то гэтыя словы не перададуць усіх адценняў змагання, праяўлення волі да перамогі. Стаць лепшымі імкнуліся ўсе, але некаму проста не пашанцавала, камусьці не хапіла фізічнай вынослівасці, хтосьці не разлічыў уласныя сілы, кагосьці падвяла тактыка…

У выніку напружаных спартыўных спаборніцтваў у агульнакамандным заліку перамогу святкавалі “Вышэйшая ліга” (І месца), “Кедр” (ІІ) і “Паўночнае ззянне” (ІІІ). У спаборніцтвах па міні-футболе перамаглі спартсмены “Дружыны”, валейболе – каманда “Белая сава”.

лгас

У спаборніцтве па настольным тэнісе сярод мужчын не было роўных ляснічаму Цяхцінскага доследна-вытворчага лясніцтва Сяргею РАДЫЁНАВУ, інжынеру-механіку лясгаса Івану УСАВУ, ляснічаму Асавецкага лясніцтва Віталю ХОДАСУ. Сярод жанчын тры прызавыя месцы занялі, адпаведна, інжынер па ахове працы Святлана КУЗНЯЦОВА, майстар лесу Дручанскага лясніцтва Ганна ШЧАРБІНСКАЯ, сартавальніца цэха па перапрацоўцы драўніны Таццяна ГРЫШКО. 

лгас2

У стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі найбольш вызначыліся ляснік Кастрычніцкага лясніцтва Ігар ЛЫЦЯКОЎ і тэхнік-радыёлаг лясгаса Кацярына ЗАБЛОЦКАЯ, у дартсе – памочнік ляснічага Круглянскага лясніцтва Андрэй ХРАМЦОЎ і начальнік лесагадавальніка Яна ЮРЧАНКА, у плаванні – майстар пагрузачна-разгрузачных работ Юрый ЛЫСКО і сартавальніца цэха па перапрацоўцы драўніны Таццяна КАНДРАТАВА, кожныя з якіх занялі ў сваіх групах першае месца.

лгас3

Цвёрдую волю да перамогі праяўлялі і многія гіравікі, спаборніцтва сярод якіх праводзілася ў трох вагавых катэгорыях: да 80, 80-90 і больш за 90 кілаграмаў. Але абсалютнымі чэмпіёнамі тут сталі, адпаведна, леснікі Кастрычніцкага лясніцтва Раман РЫБАЧОНАК, Эсьмонскага – Арамаіс ГАРБУЗАЎ і майстар будаўнічых работ Сяргей БУСЕЛ.

Дырэктар установы Юрый ЗАБЛОЦКІ сардэчна павіншаваў пераможцаў летняй спартакіяды работнікаў лясгаса, на правядзенне якой, да слова сказаць, было выдаткавана 4745 рублёў, у тым ліку і на ўзнагароджванне спартсменаў, і ўручыў ім дыпломы і грашовыя прэміі. А ўсім удзельнікам ён і яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Юлія Кудравец шчыра пажадалі будучых выдатных спартыўных перамог і дасягненняў.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *