Хочацца выпіць? Дык навошта красці?

З-за хвіліннай слабасці бялынічанка вымушана 200 гадзін адпрацаваць на грамадскіх работах.

Жыхарка Бялынічаў Любоў В. ніколі не задумвалася над сваімі паводзінамі, рабіла тое, што ёй хацелася. З-за гэтага неаднойчы сустракала непаразуменне з боку блізкіх і суседзяў. Вось і снежаньскім вечарам замест таго, каб быць з малалетнімі дзецьмі, жанчына прагульвалася каля аўтазапраўкі. Ёй вельмі хацелася піва, а грошай на яго не было. План, як раздабыць спіртное, з’явіўся ў Любові імгненна. Жанчына зайшла ў гандлёвую залу АЗС, узяла з паліцы бутэльку “Аліварыі” і схавала сабе пад куртку. Пакуль аператары абслугоўвалі чарговага кліента, яна вырашыла цішком выслізнуць на вуліцу. Але пайсці незаўважанай не ўдалося: адна з жанчын-аператараў запраўкі заўважыла дзіўныя паводзіны наведвальніцы і здагадалася, што тая нешта ўкрала. Яна паспрабавала дагнаць злачынцу, аднак Люба аказалася хітрэйшай і літаральна выслізнула з яе рук. Бутэлька піва ўпала ў снег. Супрацоўнікі АЗС патэлефанавалі ў міліцыю.

У хуткім часе да Любові В. завіталі людзі ў форме. Устанавілі яе асобу па запісе з камеры назірання, і жанчына не аднеквалася.

Суд улічыў тое, што яна знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку і прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе 200 гадзін грамадскіх работ.

Ігар БЕЛЬСКІ,

старшы следчы РАСК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *