З геаграфіяй на “ты”

Сучасная геаграфія ўяўляе сабой комплексную дысцыпліну, якая спалучае шэраг навук, як прыродазнаўчых, так і грамадскіх. Дэталёва распавесці пра гэта можа адзінаццацікласнік Галоўчынскай СШ Аляксей МАТВЕЕЎ, які некалькі гадоў запар найбольшую ўвагу надае менавіта гэтаму школьнага прадмету. І даволі паспяхова – у бягучым навучальным годзе ён быў адзначаны заахвочвальным водгукам за чацвёртае месца на абласным этапе прадметнай алімпіяды па геаграфіі.

мат_хар2

Аляксею не хапіла літаральна аднаго кроку, каб стаць прызёрам алімпіяды. Але і гэта дасягненне школьнік і яго настаўніца Ганна ХРУШЧОВА лічаць паспяховым, бо сапернікамі нашага земляка былі пераважна ліцэісты і вучні профільных класаў гарадскіх школ. А заданні выходзілі за рамкі школьнай праграмы і ўключалі не толькі тэарэтычную і мультымедыйную часткі (праца з картамі і кліматаграмамі, распазнаванне геаграфічных аб’ектаў і г. д.), але і матэматычныя разлікі, якія можна прымяніць на практыцы. Напрыклад, было неабходна зрабіць мадэль інжынернай і сацыяльнай інфраструктуры новага мікрараёна горада, абгрунтаваць будаўніцтва той ці іншай колькасці бальніц, дзіцячых садкоў, школ і магазінаў, а таксама разлiчыць патрэбныя для гэтага рэсурсы.

Але падобныя заданні не паставілі Аляксея Матвеева ў тупік, бо вучань старанна рыхтаваўся да алімпіяды. Як прызнаецца хлопец, ён найбольш схільны да дакладных навук. Акрамя геаграфіі Аляксей раней займаў прызавыя месцы таксама на раённай алімпіядзе па матэматыцы. Хоць, як адзначае Ганна Хрушчова, дасягнуць лепшых вынікаў яму часам перашкаджае паспешлівасць.

Аднак такая актыўнасць дапамагае Аляксею праявіць сябе ў іншых сферах – ён любіць гуляць у футбол, плаваць, з’яўляецца ўдзельнікам гуртка па мотаспорце, захапляецца маляваннем графіці.

З будучай прафесіяй адзінаццацікласнік ужо вызначыўся – збіраецца паступаць на факультэт ваеннай разведкі Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Таму глыбокія веды і трывалыя навыкі, атрыманыя на ўроках геаграфіі, пры падрыхтоўцы і ўдзеле ў алімпіядах Аляксею Матвееву, безумоўна, яшчэ спатрэбяцца.

Тэкст і фота

Андрэя СУПІТАЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *