Майстар кацельна-цеплавой гаспадаркі БУКП “Жылкамгас” Раман ДАНІЛЬЧЫК цвёрда вырашыў звязаць свой лёс з малой радзімай

Па-рознаму складваецца лёс маладых людзей. Нехта імкнецца да вядомасці, уплывовасці… А майстар кацельна-цеплавой гаспадаркі БУКП “Жылкамгас” Раман ДАНІЛЬЧЫК цвёрда вырашыў звязаць свой лёс з малой радзімай, з Бялынічамі.

дан 001

Пасля заканчэння Магілёўскага політэхнічнага каледжа Раман свядома выбраў будучае месца працы – БУКП “Жылкамгас”. У гэтай арганізацыі праходзіў вучэбную практыку, туды ж атрымаў размеркаванне.

– Я і не разглядаў іншыя варыянты, – распавядае Раман. – Падчас практыкі пазнаёміўся з працоўным калектывам, умовамі працы. Усё спадабалася. Ну, і на радзіму хацелася вярнуцца.

Зараз у падпарадкаванні маладога майстра 7 кацельняў. У яго абавязкі ўваходзіць кантроль за іх эксплуатацыяй, а таксама рамонт і падрыхтоўка замацаваных аб’ектаў да ацяпляльнага сезона.

Задумваецца Раман і аб прафесійным росце. Апошні год давучваецца завочна ў БРУ па спецыяльнасці “Абсталяванне і тэхналогія зварачнай вытворчасці”. Удзельнічае таксама і ў грамадскім жыцці жылкамгаса. Спаборніцтвы па рыбалцы, мнагабор’і, турзлёты… Усё гэта, на яго думку, дапамагае аб’ядноўваць калектыў, уносіць у будзённасць ноткі пазітыву.

– Я не лічу, што, вярнуўшыся на малую радзіму, згубіў нейкія магчымасці, якія можа прапанаваць вялікі горад. Трэба любіць месца, дзе ты нарадзіўся, блізкіх,  атрымліваць задавальненне ад сваёй працы. Можа, гучыць і банальна, але лічу гэта правільным, – адзначае малады чалавек.

Тэкст і фота

Святланы МАГІЛЕЎЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *