Аб умовах атрымання пуцёвак у здраўніцы краіны і аб тым, колькі чалавек аздаравіліся ў мінулым годзе, распавёў Мікалай ЗАБАРОНАК

ЗаборонокТак ці інакш, многія з нас задумваюцца не толькі аб працоўных буднях, але і аб вольным часе. Тым больш, што не за гарамі лета – пара самага актыўнага адпачынку. Можна свой час прысвяціць нейкім справам, а лепей адправіцца адпачываць у санаторый.

Аб умовах атрымання пуцёвак у здраўніцы краіны і аб тым, колькі чалавек аздаравіліся ў мінулым годзе, распавёў  у прэс-цэнтры раённай газеты “Зара над Друццю” вядучы спецыяліст прадстаўніцтва МАУ РЦ па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў Мікалай ЗАБАРОНАК.

“Хачу паехаць з сынам-другакласнікам на адпачынак у санаторый. Як гэта можна зрабіць і якія дакументы патрэбна прадаставіць?

Святлана К., Бялыніцкі р-н.”

– Згодна Палажэння “Аб парадку накіравання насельніцтва на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне”, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 542  ад 28.08.2006 г. “Аб санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні насельніцтва”, пуцёўкі ў санаторыі дзецям выдаюцца бясплатна, а бацькам ці асобам, якія іх замяняюць і будуць суправаджаць малое на адпачынак, давядзецца аплаціць 15 % ад кошту яе. Калі вы хочаце аздаравіць толькі дзіця, ведайце, што пуцёўкі ў дзіцячыя санаторыі выдаюцца па месцы працы (службы, вучобы) аднаго з бацькоў ці асоб, якія іх замяняюць. Для гэтага неабходна звярнуцца ў камісію па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні вашай арганізацыі з заявай і медыцынскай даведкай аб неабходнасці аздараўлення. Тое ж самае датычыцца і дарослага насельніцтва. Дзецям-інвалідам і асобам, якія іх суправаджаюць, пуцёўкі на санаторна-курортнае лячэнне выдаюцца бясплатна.

“Я знаходжуся на заслужаным адпачынку, не працую. Хацелася б паехаць на аздараўленне ў санаторый, але баюся, што маёй пенсіі не хопіць на пакрыццё выдаткаў на пуцёўку.

Галіна Пятроўна, Бялынічы.”

– Калі вы знаходзіцеся на пенсіі, не маеце інваліднасці І ці ІІ групы, не працуеце, то пуцёўка ў санаторый будзе прадастаўлена на ўмовах частковай аплаты, якая, у сваю чаргу, залежыць ад памеру пенсіі. Для     атрымання пуцёўкі вам неабходна звярнуцца ў тэрытарыяльнае прадстаўніцтва па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні і прадаставіць наступныя дакументы:

— медыцынскую даведку аб патрэбнасці ў санаторна-курортным лячэнні;

— заяву;

— копію працоўнай кніжкі;

— копію пенсійнага пасведчання (пасведчання інваліда, калі ёсць);

— копію пашпарта.

Пенсіянеры, якія працягваюць працаваць, аздараўліваюцца за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Памер даплаты за пуцёўку для іх залежыць ад памеру пенсіі і зарплаты. Для таго, каб атрымаць дакумент на санаторнае лячэнне, трэба звярнуцца ў камісію па аздараўленні па месцы працы.

– Мікалай Сяргеевіч, колькі ўсяго ў мінулым годзе аздаравілася бялынічан?

– За кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання аздаравіліся 104 чалавекі, 56 з іх – дзеці. За кошт рэспубліканскага бюджэту 160 пуцёвак выдадзены дзецям, якія пражываюць у зоне радыяцыйнага забруджвання.

Таксама за мінулы перыяд аздараўленне атрымалі 38 пенсіянераў. Нагадаю, што інвалідам І і ІІ груп пуцёўкі выдаваліся бясплатна.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *