22 красавіка ў нашай краіне чарговае прафесійнае свята – Дзень судовага эксперта

Винников22 красавіка ў нашай краіне чарговае прафесійнае свята – Дзень судовага эксперта. А сёлета ў гэты дзень адзначаецца першы юбілей – 5 гадоў з часу ўтварэння Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь.

З гэтай нагоды ў прэс-цэнтр газеты “Зара над Друццю” завітаў кіраўнік міжраённага аддзела ДКСЭ падпалкоўнік юстыцыі Дзяніс ВІННІКАЎ.

– Раскажыце, калі ласка, падрабязней, чым сёння займаюцца эксперты?

– Спецыялісты аддзела ДКСЭ ўдзельнічаюць у раскрыцці амаль кожнага злачынства, у тым ліку звязанага з насіллем, ці трагічнага выпадку, якія адбыліся на тэрыторыі нашага і Круглянскага раёнаў. Мы цесна супрацоўнічаем з райаддзеламі міліцыі і Следчага камітэта, першымі выязджаем на месца здарэння…

Ад правільнасці дзеянняў экспертаў залежыць не толькі хуткасць раскрыцця злачынстваў, а яшчэ і чалавечыя лёсы. Выніковыя дадзеныя экспертыз могуць з дакладнасцю да дробязей аднавіць усю карціну здарэння, а таксама адшукаць вінаватых і абараніць правы тых, хто не мае ніякага дачынення да здарэння.

У нашым аддзеле налічваюцца тры падраздзяленні – два экспертна-крыміналістычных сектары і адзін – медыцынскіх судовых экспертыз. Спецыялісты ЭКС праводзяць дактыласкапічныя, трасалагічныя і іншыя віды экспертыз, накіраваныя на высвятленне падрабязнасцей здарэння. Эксперты-медыкі праводзяць два віды судова-медыцынскіх экспертыз: устанаўліваюць прычыну смерці чалавека і вызначаюць ступень цяжкасці цялесных пашкоджанняў фізічных асоб.

– Колькі за гэты адносна невялікі час праведзена экспертыз?

– За перыяд працы аддзела праведзена больш за 1420 крыміналістычных і больш за 1460 судова-медыцынскіх экспертыз, нашы спецыялісты прынялі ўдзел пры правядзенні больш за 2190 аглядаў месцаў здарэнняў, з якіх каля 850 складаюць агляды па распачатых крымінальных справах. Больш чым у 180 выпадках знятыя сляды дапамаглі раскрыццю, усебаковаму і якаснаму расследаванню крымінальных спраў.

– Можаце прывесці такія выпадкі з вашай практыкі?

– У 2016 годзе эксперты выязджалі на раскрыццё забойства ў аг. Вішоў. На выключальніку яны знайшлі сляды чалавечых рук і па іх у хуткім часе ўстанавілі злачынцу. Ён не аднекваўся, адразу ж стаў даваць паказанні. Яшчэ адно здарэнне адбылося ў тым жа годзе ў Вішове. Нехта абакраў лецішча. Злачынцаў адшукалі па адбітках пальцаў рук. Імі аказаліся двое непаўналетніх, на якіх ніхто нават не мог падумаць.

Падобны выпадак здарыўся мінулым летам у Цяхціне. Невядомыя пашкодзілі агароджу і лавачкі каля будынка сельскай бібліятэкі. Гэта злачынства таксама не абышлося без удзелу непаўналетніх. Іх устанавілі па адбітках пальцаў.

Падчас расследавання разбойнага нападу, які адбыўся ў в. Рагач у 2016 годзе, злачынцу знайшлі, падключыўшы да расследавання экспертаў-генетыкаў. Пацярпелай удалося падрапаць нападніка і той матэрыял, вылучаны з-пад яе пазногцяў, дапамог знайсці злачынцу. 

У снежні мінулага года ў Круглым здарылася забойства. Эксперты знайшлі след далоні рукі на батарэі ацяплення, які злачынца пакінуў падчас сваіх супрацьзаконных дзеянняў. Гэта акалічнасць легла ў аснову доказаў яго віны.

– Раскажыце пра найбольш папулярныя віды экспертыз, якія праводзяцца ў вашым аддзеле і ўпраўленні ДКСЭ па Магілёўскай вобласці, якія зацікавілі б жыхароў раёна.

–  Можна пазнаёміцца з поўным спісам экспертыз, якія там праводзяцца, скарыстаўшыся інтэрнэт-спасылкай sudexpertiza@sudexpert.gov.by. Прычым, заключэнні па выніках экспертыз маюць юрыдычную сілу ва ўсіх інстанцыях і выдаюцца кліентам на рукі.

Адзначу найбольш запатрабаваныя генетычныя экспертызы па ўстанаўленні бацькоўства. Парадак іх правядзення змяніўся ў бок максімальнай зручнасці для кліентаў, што дазваляе за самы кароткі час вырашыць ступень роднасных сувязей паміж бацькамі і дзецьмі. Дарэчы, неабходныя для гэтай экспертызы дакументы можна аформіць у раённым аддзеле ДКСЭ.

Таксама адым з накірункаў экспертнай дзейнасці з’яўляецца правядзенне псіхалагічных экспертыз па заявах грамадзян. Раіў бы праводзіць такую экспертызу пры заключэнні грамадзянска-прававых здзелак для пацвярджэння дзеяздольнасці асоб пажылога ўзросту і тых, якія атрымалі чэрапна-мазгавыя траўмы ці пераняслі складаныя захворванні.

Таксама паслугамі экспертаў карыстаюцца пры ацэнцы якасці выкананых будаўніча-рамонтных работ, пры заключэнні здзелак з нерухомасцю, пакупцы дарагіх аўтамабіляў…

Увогуле, сёння эксперт – гэта ўніверсальны спецыяліст, здольны не толькі якасна і на высокім узроўні правесці розныя віды экспертыз, дапамагчы раскрыць злачынства, але і абараніць законныя інтарэсы грамадзян, дапамагчы ім у розных супярэчлівых сітуацыях.

Гутарыла

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *