Родная вёска ў малюнках

Са школьных гадоў Мікалай КОЗЫРАЎ пачаў захапляцца маляваннем. Цяга да яго з’явілася выпадкова. І вось ужо сёмы дзясятак гадоў Мікалай Юр’евіч не выпускае з рук аловак.

рис1

У сям’і, па расказах самога Мікалая Козырава, падобнага таленту ні ў каго не назіралася. Ён і сам не мог падумаць, што заняткі маляваннем перарастуць у хобі. Дый па прафесіі ён быў мантажнікам. Аднак  такая акалічнасць не перашкаджала яму развіваць свой талент.

– Усё пачалося яшчэ ў школе, – дзеліцца ўспамінамі Мікалай Юр’евіч. – Тады маляваў карыкатуры і партрэты. Падчас службы ў войску спрабаваў пісаць і фарбамі, атрымлівалася таксама нядрэнна.

Цяпер ён малюе, у асноўным, чорна-белую графіку, і перавагу аддае пейзажу. У апошніх малюнках можна ўбачыць прыроду яго малой радзімы – вёскі Забалоцце. Там ён нарадзіўся і пражыў усё жыццё. Але лёс распарадзіўся так, што з канца мінулага года Мікалай Юр’евіч быў вымушаны пераехаць у дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў.

рис2

– Пяць гадоў таму стаў удаўцом, – расказаў ён журналісту раёнкі. – Дагэтуль неяк яшчэ былі сілы справіцца з хатнімі клопатамі, але мінулай зімой прыйшлося пераехаць.

Усё, што было нажыта, давялося пакінуць у роднай вёсцы, у якую, асабліва зараз, вельмі цягне вярнуцца. Цяпер, калі вольнага часу ў мужчыны з’явілася шмат, ён успамінае родныя краявіды і з дапамогай алоўка перакладае іх на белы аркуш паперы.

рис4

– Ёсць, вядома ж, і выдуманыя краявіды, але найчасцей малюю тое, што бачыў сам, – гаворыць Мікалай.

Мікалай Юр’евіч удзячны лёсу, што ўзнагародзіў яго такім талентам. У сваіх работах ён успамінае малую радзіму, а ў партрэтах і людзей, з якімі звязала яго жыццё.

Сваімі малюнкамі ён падзяліўся з рэдакцыяй райгазеты. Дарэчы, шмат гадоў таму яго работы публікаваліся ў “Зары над Друццю”. У гонар святкавання 60-годдзя раёнкі Мікалаю Козыраву ўручылі Дыплом як актыўнаму пазаштатнаму карэспандэнту. І цяпер ён зноў гатовы дзяліцца сваёй творчасцю з чытачамі.

рис3

Марыя ШУТ.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *