Льготы для ліквідатараў ЧАЭС: што змянілася пасля павышэння пенсійнага ўзросту?

Гэта пытанне зяўляецца сёння актуальным, паколькі для значнай часткі былых ліквідатараў наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС надыходзіць час выхаду на пенсіюДля каго і пры якіх умовах пенсія будзе датэрміновай, журналісту райгазеты расказала начальнік аддзела пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай  абароне райвыканкама Ганна ЛАПО.

Ганна Аркадзьеўнау якім узросце былыя ліквідатары наступстваў катастрофы на ЧАЭС могуць звяртацца за прызначэннем пенсіі?

– Удзельнікам ліквідацыі, якiя былі заняты на работах у межах 10-кіламетровай зоны ў 1986 годзе ці не менш за 10 сутак у 1987 годзе, даецца права на датэрміновую пенсію па ўзросце са зніжэннем агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту на 10 гадоў пры наяўнасці стажу працы не менш за 20 гадоў у жанчын і не менш за 25 – у мужчын. Пры ўмове выплаты абавязковых страхавых узносаў не менш за 16 гадоў 6 месяцаў (па стане на 2018 год).

– Які пакет дакументаў неабходна мець пры сабе?

– Дакументамі, якія пацвярджаюць права на пенсію па вышэйадзначанай падставе, з’яўляюцца: пасведчанне ліквідатара катастрофы на ЧАЭС, дакументы, якія пацвярджаюць факт (для 1986 г.) або перыяд працы ў межах 10-кіламетровай зоны (для 1987 г.).

Час работы па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС у межах 10-кіламетровай зоны пацвярджаецца даведкамі працадаўцаў, у якіх захоўваюцца першасныя дакументы аб гэтай працы, а таксама даведкамі архіўных устаноў. У даведцы павінны быць указаны перыяды работы па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, зона радыёактыўнага забруджвання, назва населеных пунктаў, дзе працавалі, першасныя дакументы, на падставе якіх выдадзена даведка. Падставай для яе выдачы могуць служыць камандзіровачныя пасведчанні з адзнакай аб знаходжанні ў адпаведных зонах, ваенны білет і іншыя дакументы, якія змяшчаюць неабходную інфармацыю.

– Раскажыце, для якой катэгорыі ліквідатараў  прадугледжаны іншыя ўмовы прызначэння датэрміновай пенсіі па ўзросце?

– Для грамадзян, якiя былі заняты на работах па ліквідацыі наступстваў катастрофы ў межах зоны эвакуацыі (адчужэння), пенсія прызначаецца са зніжэннем агульна-ўстаноўленага пенсійнага ўзросту на 5 гадоў, пры ўмове наступлення інваліднасці незалежна ад яе прычыны і групы (акрамя грамадзян, інваліднасць якіх наступіла  па прычыне іх супрацьпраўных дзеянняў). Акрамя таго, для прызначэння дадзенай пенсіі патрабуецца наяўнасць стажу працы не менш за 20 гадоў у жанчын і не менш за 25 – у мужчын, з іх не менш за 16 гадоў 6 месяцаў (у 2018 годзе) з выплатай абавязковых страхавых узносаў.

Дакументамі, якія пацвярджаюць права на пенсію па дадзенай аснове, з’яўляюцца: пасведчанне пацярпелага ад катастрофы на  ЧАЭС, заключэнне медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі.

Права на датэрміновую пенсію па ўзросце на 10 гадоў раней агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту прадастаўлена таксама грамадзянам, якія захварэлі і перанеслі прамянёвую хваробу, інвалідам з прычыны катастрофы на ЧАЭС, іншых радыяцыйных аварый. Пры гэтым мужчынам яна прызначаецца ў 50 гадоў пры стажы працы не менш за 20 гадоў, жанчынам – у 45 гадоў пры стажы працы не менш за 16 гадоў              і 6 месяцаў.

Пачынаючы з 1 студзеня 2017 года ўзрост, які дае права на пенсію па ўзросце ў адпаведнасці з ч. 1 арт. 33 Закона аб ЧАЭС, павышаецца штогод з 1 студзеня на 6 месяцаў да дасягнення мужчынамі 53 гадоў, жанчынамі – 48 гадоў.

– Якія льготы пры падліку стажу работы прадугледжаны для грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС?

– Пры падліку стажу работы пры прызначэнні пенсіі прадугледжаны наступныя льготы:

— час працы, ваеннай службы або службы на эксплуатацыi ЧАЭС i ў зоне эвакуацыi (адчужэння) з моманту катастрофы да 31 снежня 1987 г. залічваецца ў стаж працы (выслугу гадоў) і ў стаж, які дае права на пенсію па ўзросце за работу з асаблівымі ўмовамі працы па спісе № 1, у трохразовым памеры, а ў перыяд з 1 студзеня 1988 г. – у паўтара раза больш;

— час працы, ваеннай службы або службы ў зоне першачарговага адсялення, зоне наступнага адсялення i на тэрыторыях, раўназначных ім па ўзроўні радыёактыўнага забруджвання ў выніку іншых радыяцыйных аварый з моманту катастрофы на ЧАЭС, іншых радыяцыйных аварый залiчваецца ў стаж працы (выслугу гадоў) у паўтара раза больш.

– Якія надбаўкі выплачваюцца да пенсіі грамадзянам, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС?

– Надбаўкі да пенсій прадугледжаны наступным асобам:

— тым, хто прымаў удзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986-1987 гг. у зоне эвакуацыі (адчужэння) або быў заняты ў гэты перыяд на эксплуатацыi, iншых работах на станцыi (у тым лiку часова накiраваным i камандзiраваным), уключаючы ваеннаслужачых i ваеннаабавязаных, прызваных на спецыяльныя зборы i прыцягнутых да выканання работ, звязаных з ліквідацыяй наступстваў гэтай катастрофы, а таксама ўдзельнікам ліквідацыі іншых радыяцыйных аварый – 50 працэнтаў мінімальнай пенсіі па ўзросце;

— гэтым жа катэгорыям грамадзян, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1988-1989 гг., – 25 працэнтаў мінімальнай пенсіі па ўзросце;

— грамадзянам, эвакуіраваным, адселеным, а таксама тым, хто самастойна выехаў з тэрыторыі радыёактыўнага забруджвання з зоны эвакуацыі (адчужэння), зоны першачарговага адсялення і зоны наступнага адсялення (уключаючы дзяцей, якія знаходзіліся ва ўлонні маці), за выключэннем прыбыўшых у названыя зоны пасля 1 студзеня 1990 г., – 25 працэнтаў мінімальнай пенсіі па ўзросце.

Гутарыла

Марыя ШУТ.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *