Падзяліўся вопытам

Традыцыйная сустрэча маладых супрацоўнікаў РАНС з ветэранам пажарнай службы, старшынёй раённага аддзялення ветэранскай арганізацыі “Выратавальнік” Станіславам БУРКО прайшла ў райаддзеле па надзвычайных сітуацыях.

все

Да маладых байцоў спачатку звярнуўся начальнік РАНС Віталь ВОРАНАЎ.

– Толькі на пасадзе начальніка РАНС Станіслаў Фёдаравіч праслужыў 19 гадоў, мае вялікі прафесійны вопыт, – падкрэсліў ён. – Таму вам ёсць што ў яго спытаць, а яму – расказаць.

Станіслаў Бурко на працягу дзвюх гадзін дзяліўся з маладымі выратавальнікамі практычнымі ведамі. Таксама ён звярнуў увагу моладзі на ўсю тую адказнасць, якая стаіць перад імі, бо прафесія выратавальніка вельмі сур’ёзная. Ад правільных і хуткіх дзеянняў, зладжанасці залежыць самае каштоўнае – чалавечае жыццё.

– Страх і разгубленасць адыходзяць на другі план толькі ў тым выпадку, калі ты дакладна ведаеш, што і як табе рабіць, як паступаць у той ці іншай сітуацыі, валодаеш прафесійнымі навыкамі і ведамі, – распавёў Станіслаў Бурко.

Маладыя выратавальнікі, у сваю чаргу, расказалі, як трапілі ў РАНС і як праходзіць іх працэс адаптацыі да ўмоў службы.

Увазе прысутных быў прадстаўлены відэаролік пра выратавальнікаў-пажарных, у якім наглядна можна было ўбачыць гераізм і адвагу людзей, прысвяціўшых сябе гэтай мужнай прафесіі.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *