Яркія краскі “Акварэлек”

Кожны творчы калектыў – асаблівая фарба ў культурнай палітры Бялыніцкага краю. Узорны вакальны ансамбль “Акварэлькі” займае ў ёй самае дастойнае месца.

Аква

Створаны калектыў пры дзіцячай школе мастацтваў больш за 20 гадоў таму, і за гэты час праз яго прайшло каля 300 юных артыстаў ад 5 да 18 гадоў. Увесь гэты час вакальным ансамблем кіруе яго заснавальніца, настаўнік па класе харавых дысцыплін ДШМ Ірына КОСЦІНА.

Без “Акварэлек” не абыходзіцца ніводнае знакавае раённае мерапрыемства. Галасістыя хлопчыкі і дзяўчынкі рэгулярна пацвярджаюць свой узровень падрыхтоўкі падчас удзелу ў шматлікіх конкурсах і фестывалях. Толькі за апошнія месяцы вакальны ансамбль стаў уладальнікам Дыплома І ступені міжнароднага інтэрнэт-конкурсу MAGIC STARS of PARIS, два дыпломы ІІ ступені атрымаў на дыстанцыйным міжнародным конкурсе “Таленты Расіі”, трэцяе месца заняў на рэспубліканскім фестывалі сучаснай хрысціянскай культуры “Благовест”. Сёлета ў скарбонку ўзнагарод “Акварэлек” дадаўся і Дыплом лаўрэатаў І ступені             V Міжнароднага конкурсу мастацтваў “Дняпроўскія хвалі”. Кіраўнік ансамбля Ірына Косціна адзначана Падзякай Магілёўскага аблвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу і высокі прафесіяналізм.

Зараз у ансамблі задзейнічана прыкладна 50 удзельнікаў. У рэпертуары калектыву налічваецца больш за 30 унікальных нумароў. Многія з ранейшых выхаванцаў “Акварэлек” звязалі свой лёс са сферай культуры. Гэта Марына КАЦЯШОВА, Віктар ЧАЙКОЎ, Дзмітрый ЧЫЖЫКАЎ, Дзяніс РУЦКІ. У родныя пенаты вярнуліся Ганна ГІБКОВА і Лізавета ТКАЧОВА. Дзяўчаты працуюць у вакальным калектыве хормайстрамі.

У наступным годзе ўзорны вакальны ансамбль “Акварэлькі” будзе адзначаць чвэрць веку існавання, і юныя артысты абавязкова парадуюць сваіх прыхільнікаў цікавымі выступленнямі.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *