Пра тое, што адбывалася ў ваколіцах атамнай станцыі пасля выбуху, расказаў ліквідатар наступстваў аварыі Анатоль ЦЕПЛЯКОЎ

тепляковЗаўтра – трыццаць другая гадавіна аварыі на ЧАЭС. Пра тое, што адбывалася ў ваколіцах атамнай станцыі пасля выбуху, расказаў ліквідатар наступстваў аварыі Анатоль ЦЕПЛЯКОЎ.

Анатоль Іванавіч трапіў туды па волі лёсу. Нарадзіўся ён у в. Сякерка, а пасля таго, як ажаніўся, маладая сям’я пераехала жыць у Вялікую Машчаніцу. Планаў на будучыню было шмат, хацелася і грошай зарабіць, каб ні ў чым не адмаўляць ні сабе, ні жонцы, ні будучым дзецям. Таму сямейства Цепляковых у хуткім часе перабралася жыць у Магілёў.

Там Анатолю Іванавічу прапанавалі пасаду вадзіцеля ў дарожна-будаўнічым     упраўленні. Праца прадугледжвала частыя камандзіроўкі, але гэта не дастаўляла праблем маладому вадзіцелю.

Чарговая была ў маі 1986 года. Вось тады ён і патрапіў у зону першачарговага адсялення на дарожныя работы.

– Мы адразу і не разумелі ўсяго маштабу трагедыі і яе наступстваў, – успамінае Анатоль Цеплякоў. – Было заданне, мы і працавалі. Тым больш, што за тую камандзіроўку і зарплату прапанавалі значна большую. Гэта потым пачало ўжо прыходзіць усведамленне ўсяго таго, што адбылося. Па вечарах і галава пачынала балець, і скроні сціскала.

Адсяленне жыхароў з радыяцыйнай зоны, па словах ліквідатара, пачалося адразу ж пасля катастрофы. Але пакідаць родныя дамы пагаджаліся не ўсе.

– Пажылыя людзі катэгарычна адмаўляліся з’язджаць з роднай вёскі, – расказвае ён. – Нават увосень у забруджаных населеных пунктах заставаліся па два-тры жылыя дамы.

Анатоль Іванавіч распавёў, што ў зоне адчужэння да чэрвеня 1987 года (да гэтага часу доўжылася камандзіроўка), асфальтавалі дарогі, ішло добраўпарадкаванне населеных пунктаў. У адной толькі Кулікоўцы, непадалёку ад якой ён працаваў, пабудавалі вялікі гандлёвы цэнтр, двухпавярховы клуб. Грошай было выдаткавана нямала, а ў выніку – усё разбурана.

Пасля камандзіроўкі Анатоль Цеплякоў вярнуўся ў Магілёў. Там яго чакалі жонка і дачка Ганна, якая нарадзілася ў год аварыі. Затым, праз два гады, з’явілася яшчэ адна дачка – Таццяна. І сям’я Цепляковых вярнулася з вялікага горада ў Машчаніцу.

Анатоль Іванавіч уладкаваўся на працу,  атрымаў дом як ліквідатар аварыі на ЧАЭС. У ім сямейства Цепляковых звіла сваё ўтульнае гняздзечка, у якім і жыве да гэтага часу.

Зараз Анатоль Іванавіч працуе станочнікам цэха перапрацоўкі драўніны лясгаса і з нецярпеннем, разам з жонкай, чакаюць выхадных, каб сустрэць дачок з унукамі, якія часта прыязджаюць у госці да бацькоў.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *