Яны вярнуліся ў родныя мясціны

Будучыня Бялыніччыны, як і ўсёй нашай краіны ў цэлым, у руках маладога пакалення. У сувязі з тым, што ў нашым горадзе няма вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, у якіх юныя бялынічане пасля заканчэння школы маглі б атрымліваць прафесійную адукацыю, выпускнікі выязджаюць вучыцца далей у іншыя гарады. І прыемна, калі яны, адукаваныя, вяртаюцца на сваю малую радзіму, каб атрымаць менавіта тут першае працоўнае месца, стварыць сям’ю, прыкласці ўсе намаганні, каб родны куток квітнеў і прыгажэў. Меркаванні з гэтай нагоды выказалі самі маладыя людзі.

янковскийАнтон ЯНКОЎСКІ, 22 гады, інжынерэканаміст:

– Заўсёды сцвярджаю, што люблю Бялыніччыну і ганаруся тым, што нарадзіўся менавіта тут. На гэтай зямлі я зрабіў свае першыя крокі, прамовіў першае слова. Гэта месца, дзе я хадзіў у дзіцячы сад і школу. З домам звязаны ўсе дзіцячыя ўспаміны. Тут мае бацькі, сябры. Я, безумоўна, задаволены, што пасля заканчэння БРУ вярнуўся працаваць у родны горад. Лічу, што Бялынічы хоць і невялікія, але, тым не менш, са сваёй гісторыяй і традыцыямі, захаванне і прымнажэнне якіх у нашых жа руках.

Ад сваіх аднагодкаў не раз чуў, што трэба перабірацца жыць у буйны горад, таму што там больш магчымасцей і перспектыў. Але маё меркаванне з гэтай нагоды іншае: рэалізаваць сябе можна дзе заўгодна, будзе гэта маленькі горад ці вялікі. Лічу, што зараз нам, моладзі, наадварот, трэба прыкласці ўсе намаганні, каб праславіць наш горад далёка за яго межамі.

шлимаковаВікторыя ШЛІМАКОВА,

21 год, настаўнік-лагапед:

– Пасля заканчэння школы, калі давялося раздумваць над будучай прафесіяй, выбрала спецыяльнасць настаўніка-лагапеда. І цвёрда вырашыла для сябе, што вярнуся працаваць у родны горад, каб дапамагчы маленькім бялынічанам справіцца з рознымі моўнымі цяжкасцямі і наладзіць кантакт са светам. Так атрымалася, і я вельмі гэтаму рада.

Нягледзячы на тое, што чатыры гады маёй вучобы ў ВНУ прайшлі ў Мінску, з радасцю вярнулася на малую радзіму. У мяне добрае месца працы, цудоўныя ўзаемаадносіны з калегамі і шмат сяброў, з якімі знаёмая яшчэ са школьных гадоў.

Хачу прадоўжыць працаваць у Бялынічах, тут жа мару стварыць сям’ю, нарадзіць дзяцей. Бо ад каго, як не ад нас, залежаць перспектывы нашага горада?

мордачевІгар МАРДАЧОЎ, 24 гады, фельчар-лабарант:

– Вельмі добра, што 2018 год аб’явілі Годам малой радзімы. Гэта падстава для ўсіх успомніць месца, дзе ён нарадзіўся. Задумацца над тым, што можаш зрабіць для роднага горада, унесці нейкі свой уклад у яго далейшае развіццё.

Асабліва, калі гэта невялікі гарадок, як, напрыклад, Бялынічы. Хачу сказаць, што за апошні час наш горад вельмі змяніўся. Некалькі разоў пераглядаў фатаздымкі ў інтэрнэце, якім ён быў дзесяцігоддзе таму, і гляджу, якім ён стаў зараз… Каласальная розніца. Горад – прыгожы, квітнеючы, акуратны. А ўсё гэта дзякуючы таму, што ў нашым райцэнтры надаецца вялікая ўвага добраўпарадкаванню. На пастаяннай аснове праводзяцца месячнікі чысціні, суботнікі. Прыемна, што нашы людзі пачалі цаніць парадак, дбаюць аб прыгажосці як на сваёй сядзібе, так і ў раёне ў цэлым.

Апытвала Марыя ШУТ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *