Адрас вольнага дзяцінства

Дамінантнай пабудовай Бялынічаў цягам некалькіх стагоддзяў з’яўляўся кармеліцкі касцёл, перахрышчаны ў 1876 годзе ў Раства-Багародзіцкую царкву.

я6

Лёс гэтай бажніцы сумны. У снежні 1930 года мясцовы райкам партыі прымае рашэнне аб размяшчэнні ў зачыненай царкве клуба, школы-сямігодкі, інтэрната для вучняў. Цудатворны абраз Маці Божай Бялыніцкай адпраўляецца ў Магілёў, дзе, як вядома, і знікае напачатку Вялікай Айчыннай вайны.

У жніўні 1967 года будынкі царквы і манастыра былі зруйнаваны пры дапамозе ўзрыўчаткі.

У першы школьны клас я пайшоў у 1961 годзе. Школа разам з архівам і складам райспажыўтаварыства знаходзілася ў манастырскіх пабудовах. Да сёння помню тоўстыя сцены, тынкоўку, з-пад якой ярка праяўляліся вельмі прыгожыя фрэскі на рэлігійныя тэмы. Шырокая лесвіца вяла на другі паверх, дзе месцілася бібліятэка. Помню і першую кнігу, якую ўзяў прачытаць дома, – “Честное слово”.

Потым у манастыры здарыўся пажар. Мы з сястрой былі дома, а бацькі паехалі за сенам у вёску Мяльнік. Вяртаючыся, яны пабачылі пажар, вельмі напалохаліся, бо наш дом знаходзіўся на невялікай адлегласці ад царквы. Пакінуўшы воз з маці, бацька з усіх сіл кінуўся ў Бялынічы.

Бацькі мяне з сястрой на пажар не пусцілі. Але назаўтра я быў ужо там. Паўсюль ляжала шмат абгарэлых кніг. У самім манастыры былі патрэсканыя, закураныя дымам сцены, наўкола валяліся абгарэлыя шафы і швейныя машынкі…

Мы сталі вучыцца ў драўлянай школе, якая знаходзілася на месцы сённяшняга дзіцячага садка, што каля райваенкамата.

Але абгарэлы манастыр па-ранейшаму прыцягваў да сябе падлеткаў. Гэта было месца нашых збораў, дзе ўсе мы адчувалі сябе занадта вольна. Тут маглі пахуліганіць, пагуляць у карты…

Я з сябрамі Сашам ВОДЗІЧАМ і Сяргеем БЕДЛАНАВЫМ любілі палазіць па падвальных памяшканнях манастыра. Як зараз помню: залезлі ў ход, над галавой – напаўкруглая тоўстая цагляная кладка, ідзем, прыгнуўшыся, метраў 50, і тут адкрываецца пакой, з якога ход з адгалінаваннямі ў розныя бакі вядзе далей. Некалькі разоў праз дзясяткі метраў патрапляем на абрушаную крушню. Затым – зноў вялікі пакой, але ход далей грунтоўна засыпаны. Мы праходзілі па падзямеллі дзесьці больш за сотню метраў.

Тады мясцовыя жыхары сцвярджалі, што адзін ход вядзе ў Ліпавы гай, другі злучае манастыр з царквой, а трэці выводзіць на Друць. Магчыма, хады знаходзяцца на вялікай глыбіні, бо іх не выявілі ні пры будаўніцтве жылля, ні тады, калі пракладвалі ў райцэнтры камунікацыі.

Пасля таго, як былі ўзарваныя манастыр і царква, мы з вялікай рызыкай лазілі па падзямеллі пад абвіслымі глыбамі камянёў у пошуках скарбаў. Па Бялынічах якраз пайшлі чуткі, што нехта там знайшоў грошы.

Пазней крушню паступова вывезлі, інтарэс да манастыра з цягам часу знік.

Аляксандр БЕЛЬСКІ,

жыхар г. Бялынічы, пенсіянер.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *