Свет з рознакаляровых дэталек

Некалькі гадоў запар цяперашні вучань чацвёртага класа СШ № 1 імя М. І. Пашкоўскага Данііл ПЕТРУШЭНЯ ў вольны час жыве ў сваім маленькім свеце, які стварае з рознакаляровых дэталек канструктараЛега”.

даникЦяга да канструявання, па словах маці хлопчыка Таццяны Вітальеўны, у яго з’явілася яшчэ ў раннім дзяцінстве.

– Калі Данік быў яшчэ зусім маленькі, і дробныя дэталі былі для яго небяспечныя, мы куплялі яму звычайны канструктар, – распавядае яна. – Аднойчы на прылаўку дзіцячага магазіна сынок убачыў “Лега” і папрасіў купіць новую цацку. Яму тады тры ці чатыры годзікі было. З таго часу ў доме нельга прайсці, каб не наткнуцца на канструктар. І мы з мужам куплялі, і старэйшая дачка, і на ўсе святы родныя і сябры дарылі сыну          выключна “Лега”.

Данік захапляецца канструяваннем шосты год. Спачатку хлопчык складваў дэталькі па інструкцыі, якая прыкладаецца да кожнай каробкі канструктара. З цягам часу, калі рознакаляровых дэталяў розных формаў і памераў назбіралася тры вялікія скрыні, рабіць па шаблоне стала не цікава, і Данік вырашыў самастойна праектаваць свае пабудовы.

– Я часта глядзеў відэаўрокі на YouTube, – падключаецца да гутаркі хлопчык. – Бачыў у інтэрнэце шмат цікавых цацак з “Лега”, але мне хацелася зрабіць нешта незвычайнае, чаго ніхто ніколі раней не рабіў.

Кожную вольную хвіліну ён высыпае на падлогу дэталі, і, не спяшаючыся, збірае дамы, машыны, матацыклы, верталёты, караблі, пажарную станцыю і яшчэ шмат чаго цікавага.

Такое хобі адымае нямала часу. Таму ўрокі Данік стараецца зрабіць хутка, каб вечарам кожнага дня паспець пазаймацца любімай справай.

– У доме ўсюды расстаўлены яго цацкі з “Лега”, – адзначае Таццяна Вітальеўна. – Часам хочацца куды-небудзь прыбраць іх, але шкада, бо сын стараўся. Да кожнай новай канструкцыі Данік ставіцца сур’ёзна, прадумвае ўсё да дробязей. Можа некалькі дзён нешта будаваць і толькі праз некаторы час паказаць нам, растлумачыць што і як працуе. Напрыклад, у яго машынках заўсёды адчыняюцца дзверы, багажнік, можа яшчэ якую канструктарскую знаходку зрабіць. Фантазіі ў яго  хапае.

Данік пахваліўся сваёй апошняй навінкай – з канструктара зрабіў бацькам і сабе падстаўкі для смартфонаў.

– Мама з татам часта глядзяць якія-небудзь ролікі ў інтэрнэце, – расказаў Данік. – Але ўвесь час трымаць тэлефон у руках няёмка. Я зрабіў спецыяльныя падстаўкі, прымерыў пад кожны тэлефон, і цяпер яны карыстаюцца імі.

Дарэчы, бацька хлопчыка Андрэй Фёдаравіч пацвердзіў карыснасць ідэі сына.

– Сапраўды, гэта вельмі зручна, – сказаў ён. – Па вечарах гляджу розныя відэаролікі, таму сынава вынаходніцтва аказалася вельмі дарэчы. Гульнёй у “Лега” Данік натхніў і стрыечнага брата Кірыла. І зараз яны складаюць канструкцыі з “Лега” разам. Да іх гульні нярэдка далучаецца і сябар Рома. Пасля школы бацькі дазваляюць хлапчукам пагуляць пару гадзін, каб адпачыць ад урокаў.

кирилл

Нядаўна Данік пачаў ажыццяўляць новую ідэю: ён вырашыў пабудаваць вялікі офіс з кабінетамі, у якія паселіць сваіх маленькіх герояў.

– Пакуль падрыхтаваў толькі аснову будынка, – расказвае хлопчык. – Офіс будзе вялікі, таму часу на яго будаўніцтва  спатрэбіцца шмат.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *