Чарговы экзамен

У СВК “Калгас “Радзіма” працуе нямала моладзі. Аб тым, чаму яны выбралі менавіта сельскую гаспадарку і не пашкадавалі аб сваім выбары, карэспандэнту раёнкі распавялі самі маладыя работнікі.

мол1Аляксандр СУШКОЎ працуе ў гаспадарцы пяты год. Вучыўся ў ПЛ №17, пасля заканчэння якога ўладкаваўся працаваць механізатарам у СВК “Калгас “Радзіма”. Зараз на трактары “Беларус” 1221 з дапамогай лейкі “Аксіс” падкормлівае азімыя культуры. Дзённыя заданні пастаянна перавыконвае.

– Тут ёсць не толькі добрая магчымасць зарабіць, калі працуеш адказна і стараешся, – кажа Аляксандр Сушкоў, – але і адміністрацыя гаспадаркі падтрымлівае.

 Жыве Аляксандр разам з бацькамі ў Лямніцы. Сумесна спраўляюцца па хатняй гаспадарцы. Айчым яго, Аляксандр ПЕТУШКОЎ, які таксама працуе ў кааператыве, напэўна, і паўздзейнічаў на жыццёвы выбар маладога чалавека. Браў яго з сабой яшчэ маленькім хлопчыкам на працу. Тыя часы Аляксандр успамінае з цеплынёй.

На ўнясенні арганічных   угнаенняў каля вёскі Сурды была задзейнічана цэлая мол3калона тэхнікі, калі карэспандэнт раёнкі завітала да 21-гадовага Міхаіла ФУРСАВА, маладога механізатара, які вось ужо трэці год робіць у сельгаспрадпрыемстве.

– Да пераходу з пачатку вясны на павялічаны працоўны дзень з сямі раніцы да дваццаці гадзін адаптаваўся хутка, бо я ж вясковы! – распавядае Міхаіл. –  Акрамя работы маю хобі –       рыбалку. Аб’ехаў усе азёры і вадаёмы нашага раёна. Нават удзельнічаў у абласных спаборніцтвах па рыбнай лоўлі.

Шчыруе ў гаспадарцы і малады вадзіцель МАЗа Антон ПІКАС. Пасля заканчэння Магілёўскага ПЛ № 2 па спецыяльнасці “слесар па рамонце аўтамабіляў” і тэрміновай службы ў арміі звязаў свой лёс з СВК “Калгас “Радзіма”.

– Падабаецца і калектыў, і заробкі, – дзеліцца ўражаннем Антон. – Вось ужо два гады працую вадзіцелем. Зімой, калі больш вольнага часу, займаюся спортам, гуляю ў валейбол, наведваю басейн у ФАКу “Друць”.

мол2Па словах Антона Пікаса, маладых работнікаў кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства падтрымлівае ва ўсіх пачынаннях. Даплату да заробку можна атрымаць за ўдзел у спартыўных мерапрыемствах і мастацкай самадзейнасці, за адмову ад курэння.

Для маладых хлебаробаў гаспадаркі ўдзел у масавых сельскагаспадарчых кампаніях з’яўляецца своеасаблівым экзаменам на сталасць, прафесіяналізм. І яны стараюцца працаваць сумленна і па-гаспадарску, робячы сваю справу якасна, тэхналагічна, перавыконваючы даведзеныя заданні. І павучыцца ім ёсць у каго, пераймаючы вопыт старэйшага пакалення хлебаробаў.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *