Па 28 красавіка ў Беларусі праходзіць рэспубліканская акцыя “Дом без гвалту”

Па 28 красавіка ў Беларусі праходзіць рэспубліканская акцыя “Дом без гвалту”.

дамы

Падчас яе ў прэс-цэнтры райгазеты “Зара над Друццю” адбыўся тэматычны круглы стол, у якім прынялі ўдзел дырэктар РЦСАН Алена КРУПЕНЬКІНА, урач псіхіятр-нарколаг ЦРБ Анастасія НЕПАЧАЛОВІЧ, в. а. дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра Святлана ШАРАХОЎСКАЯ і старшы інспектар ААПП РАУС Юлія МАРОЗАВА. Яны расказалі аб мерапрыемствах, што праводзіліся ў ходзе акцыі, рабоце праваахоўных органаў, медыкаў, спецыялістаў сістэмы адукацыі і сацыяльнай абароны па выяўленні нядобранадзейных сем’яў і дапамозе, якую могуць атрымаць пацярпелыя ад дамашняга насілля.

Юлія Марозава:

– Галоўная мэта правядзення гэтай акцыі – прыцягненне ўвагі грамадскасці да аказання дапамогі і садзейнічанне дзяржаўным органам у вырашэнні праблем у сям’і з прымяненнем мер індывідуальнай прафілактыкі правапарушэнняў да грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Створана міжведамасная рабочая група, у якую ўваходзяць старшыні саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, прадстаўнікі РАУС, ЦРБ, псіхолаг РЦСАН. Члены яе даводзяць да ведама жыхароў раёна інфармацыю аб магчымасцях дзяржаўных органаў і грамадскіх аб’яднанняў па вырашэнні праблем гвалту ў сям’і, растлумачваюць палажэнні адпаведнага заканадаўства, непасрэдна прымаюць меры прафілактычнага ўздзеяння на грамадзян, якія ініцыіравалі гвалтоўныя дзеянні ў адносінах да сваіх блізкіх. За час правядзення акцыі міжведамасная група пабывала ва ўсіх сельсаветах раёна, таксама наведалі жыхароў Бялыніч, якія стаць на ўліку ў ААПП РАУС за праяўленне гвалтоўных дзеянняў.

Дарэчы, за 4 месяцы мінулага года ў раёне былі зарэгістраваны 5 злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін, сёлета за такі ж перыяд – 4.

Нагадаю, што для грамадзян, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі ці сталі ахвярамі гвалту ў сям’і, у Магілёве працуе тэлефон кругласутачнай экстранай псіхалагічнай дапамогі 8 (0222) 47-31-61.

Тэлефоны гарачай лініі па пытаннях гвалту сацыяльнага крызіснага цэнтра для жанчын ГА ПСПУА “SOS – дзіцячая вёска Магілёў”:  8(0222) 23-40-89, 8-044-7-607-603, 8044-5-61-82-57 (Vel). І тэлефон экстранага выкліку міліцыі – 102.

Алена КРУПЕНЬКІНА:

– Адносіны ў сям’і прынята лічыць закрытай тэмай. Таму ў агрэсараў ёсць выдатная магчымасць схаваць факты гвалту, а яго ахвяры маўчаць і церпяць. Асноўнай праблемай чалавека, які сутыкнуўся з гвалтам у сям’і, з’яўляецца пошук прытулку. Сапраўды, куды падзецца, калі агрэсію праяўляюць самыя блізкія людзі і, здавалася б, у самым бяспечным месцы – дома?

У такіх выпадках часовы прытулак можна атрымаць у “крызісным” пакоі, які дзейнічае пры РЦСАН і прызначаны для дапамогі людзям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, у тым ліку перажылі сямейны гвалт. Гэта надзейнае месца, дзе можна перачакаць цяжкі час і ўсё абдумаць, а таксама атрымаць парады спецыялістаў. Калі ў гэтым ёсць неабходнасць, трэба звярнуцца ў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па адрасе: вул. Савецкая, д. 37 (трэці паверх, каб. 3) ці патэлефанаваць на нумар: 78-917. Паслуга часовага знаходжання грамадзян у “крызісным” пакоі прадастаўляецца бясплатна.

У сітуацыі, калі прамой пагрозы жыццю няма, але чалавек пастаянна падвяргаецца гвалту (псіхалагічнаму, фізічнаму, эканамічнаму альбо сексуальнаму), раім звярнуцца па кансультацыю да псіхолагаў. У кожнага сітуацыя індывідуальная, таму ў гутарцы са спецыялістам разабрацца з праблемай будзе нашмат лягчэй.  

У нашай краіне дзейнічае агульнанацыянальная гарачая лінія для тых, хто пацярпеў ад дамашняга гвалту. Патэлефанаваўшы на нумар 8-801-100-8-801, абаненты могуць бясплатна і ананімна атрымаць кваліфікаваную сацыяльную, псіхалагічную і юрыдычную дапамогу.

Лінія працуе з 8.00 да 20.00 гадзін, званкі са стацыянарнага тэлефона бясплатныя.

Святлана ШАРАХОЎСКАЯ:

– Значную работу па выяўленні дрэннага сямейнага становішча праводзяць педагогі ўстаноў адукацыі раёна. Па стане на 1 красавіка ў іх на ўліку значыліся 125 непаўналетніх з 66 сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (СНС). З іх 49 дашкольнікаў і 75 – школьнікі. Прычым, больш за 6 месяцаў на ўліку СНС знаходзяцца 26 дзяцей, а больш за 1 год – 49. У сакавіку выяўлены і пастаўлены на ўлік трое рабят з 2 сем’яў. За тры першыя месяцы бягучага года 9 дзяцей прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Адной з асноўных прычын сацыяльна небяспечнага становішча непаўналетніх з’яўляецца злоўжыванне іх бацькамі алкаголем. Яны таксама ўхіляюцца ад выканання бацькоўскіх абавязкаў, пакідаюць дзяцей дома без нагляду. У гэтых сем’ях фіксуюцца пастаянныя канфлікты, наяўнасць такіх стрэсавых фактараў, як беспрацоўе бацькоў і, адпаведна, фінансавыя праблемы.

Ва ўстановах адукацыі раёна ў адпаведнасці з індывідуальнымі планамі абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх ажыццяўляецца пастаянная работа па іх вывядзенні з сацыяльна небяспечнага становішча. Дзецям і іх законным прадстаўнікам аказваецца ўсебаковая дапамога: сацыяльна-педагагічная, псіхалагічная, медыцынская і прававая падтрымка, праводзяцца кансультацыі па пытаннях выхавання, садзейнічанне ў зборы дакументаў на атрыманне дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, у працаўладкаванні, рамонце пячнога ацяплення і электраправодкі, лячэнні ад алкагольнай залежнасці і інш.

Як вынік гэтай працы, за студзень-сакавік 2018 года з уліку СНС зняты 30 непаўналетніх з 11 сем’яў, у асноўным, у сувязі з нармалізацыяй абстаноўкі ў сем`ях.

Анастасія НЕПАЧАЛОВІЧ:

– Спіртное, як вядома, часта становіцца прычынай бед і няшчасцяў. Знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, чалавек не можа кантраляваць сябе, дае волю эмоцыям, робіць неабдуманыя дзеянні. Адсюль і сямейныя скандалы, факты дамашняга гвалту, злачынствы. Многія людзі маглі б стаць добрымі сем’янінамі, бацькамі, расці і развівацца прафесійна і духоўна, калі б не мелі нездаровай схільнасці да спіртнога.

Па стане на 1 красавіка на дыспансерным уліку ўрача псіхіятра-нарколага ЦРБ з сіндромам алкагольнай залежнасці знаходзяцца 489 жыхароў раёна, з якіх 89 – жанчыны, на прафілактычным (ужыванне алкаголю са шкоднымі наступствамі) – 219 (49 жанчын). На ананімным ўліку знаходзяцца 22 непаўналетнія.

Дапамога ўрача псіхіятра-нарколага прадугледжвае зняцце ў хворага абстынентнага сіндрому, лячэнне наступстваў вострай алкагольнай інтаксікацыі і стварэнне немагчымасці далейшага ўжывання спіртных напояў.

Таксама значную ўвагу ўдзяляем прафілактычнай рабоце. Гэта і гутаркі ў школах з вучнямi, наведванне працоўных калектываў арганізацый і прадпрыемстваў. На такіх мерапрыемствах мы стараемся данесці як дарослым, так і дзецям, якую небяспеку ўяўляюць алкаголь і наркотыкі.

Хачу нагадаць грамадзянам, якім неабходная падтрымка або медыцынская наркалагічная дапамога, што яны могуць звярнуцца ў ЦРБ па кансультацыю ўрача псіхіятра-нарколага або патэлефанаваць на тэлефон даверу 70-062.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота Святланы МАГІЛЕЎЧЫК.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *