Люстэрка жыцця

Годы ніколі не вяртаюцца да чалавека, але чалавек вяртаецца да пражытых гадоў. І вельмі часта, бо хочацца азірнуцца, паглядзець: а што ты зрабіў у жыцці і які след пакідаеш на зямлі?

Безимени-2Мне амаль паўвека давялося працаваць на журналісцкай ніве, з якіх больш за трыццаць гадоў узначальваў калектыў “Зары над Друццю”. Гэта быў няпросты час, напоўнены напружанай і натхнёнай працай.

Як вядома, газета – люстэрка і летапіс часу. На яе старонках і праз дзесяцігоддзі можна пазнаёміцца з жыццём працоўных калектываў, даведацца пра наватараў, галоўныя падзеі раёна, вобласці, краіны…

Раёнка заўсёды была і застаецца запатрабаваным выданнем для бялынічан, таму што з’яўляецца цікавай інфармацыйнай пляцоўкай для абмену вопытам, вырашэння самых вострых пытанняў і праблем.

Кожны раз, гартаючы газету, з павагай думаю і аб калегах, сапраўдных падзвіжніках журналістыкі, з якімі даводзілася выпускаць раёнку. За трыццаць гадоў яна 28 разоў прызнавалася пераможцай творчых конкурсаў самых розных узроўняў. Глыбокі след у гісторыі газеты пакінулі такія таленавітыя журналісты, як Васіль НАЙДЗІН, Аляксандр ШЧАСНОВІЧ, Мікола КУПРЭЕЎ, Андрэй КУНЦЭВІЧ, Аляксандр САПЁРАЎ, Міхась РАДОЎСКІ, Архіп ХАЛАДЦОЎ, Рыгор ЯЎСЕЕЎ і многія іншыя.

…Аднойчы вярнуўся з творчай камандзіроўкі Аляксандр Сапёраў. Ён быў прыкметна ўзрушаны, вочы блішчэлі агнём. Журналіст расказаў, што пабываў у Галоўчынскай школе, дзе сустрэўся з краязнаўцам Васілём ГУЗАВЫМ, вучнямі-следапытамі. Ад іх даведаўся, што яны атрымалі архіўны матэрыял аб подзвігу старшага лейтэнанта Сяргея ЦЕРАШКЕВІЧА, які той здзейсніў 27 чэрвеня 1944 года пры вызваленні Галоўчына: у крытычны момант бою ён са звязкай гранат кінуўся пад варожы танк. Байцы, натхнёныя гераізмам свайго камандзіра, падняліся ў атаку і вызвалілі вёску. За гэты подзвіг 24 сакавіка 1945 года Сяргею Церашкевічу пасмяротна было прысвоена званне Герой Савецкага Саюза.

Подобед1

Тады пра гэты подзвіг мала хто ведаў у раёне. Таму карэспандэнцыя Аляксандра Сапёрава “Не адступіў” была тэрмінова надрукавана ў чарговым нумары газеты і выклікала шырокі рэзананс.

Не абыходзіла газета і вострыя тэмы. Напрыканцы 1980-х гадоў савецкая сістэма шукала выйсце са складанай эканамічнай сітуацыі.  З паліц магазінаў імгненна знікалі тавары, якія пранырлівыя дзялкі сплаўлялі ў Польшчу, Расію, Прыбалтыку… Па падліках спецыялістаў, каля 35-40 працэнтаў тавараў, якія выдзяляліся для раёна, траплялі ў рукі такіх хапуг і “пераплаўляліся” імі ў долары. Гэта тэма ўсхвалявала тагачаснага намесніка рэдактара Аляксандра Шчасновіча. Уважліва праверыўшы факты, якія пацвердзіліся, ён напісаў артыкул “А ці ўсё дазволена міліцыі?”. Што тут пачалося! Каб абараніць справядлівасць, рэдакцыі давялося звярнуцца па дапамогу ў камісію Вярхоўнага Савета БССР па барацьбе з карупцыяй.

Трымаючы руку на пульсе жыцця, у газеце друкаваліся пісьмы чытачоў, матэрыялы няштатных карэспандэнтаў, выносіліся на суд грамадскасці тыя праблемы, якія хвалявалі людзей. Асаблівай актыўнасцю вылучаліся няштатныя аўтары раёнкі Алег ПЛІНДОЎ, Уладзімір СЕРЫКАЎ, Рыгор БРАУСАЎ, Тамара РАКІЦКАЯ, Васіль ЦЫРКУНОЎ…

Мяне радуе тое, што і зараз наша раённая газета не здае перадавыя пазіцыі, з’яўляецца лепшым выданнем Магілёўшчыны, пастаянна развіваецца і ўпэўнена крочыць наперад.

Мікола ПАДАБЕД,

заслужаны журналіст

ГА “Беларускі саюз журналістаў”.

Фота з архіва аўтара.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *