Аб’ехаць свет, каб вярнуцца дамоў

Цыб1Любоў да сваёй радзімы заключае ў сабе, безумоўна, успаміны аб дзяцінстве, шчаслівых і светлых момантах жыцця – тое лепшае, што далі табе бацькі. Таксама гэта месца, дзе знаходзішся побач з блізкімі і роднымі. Але яшчэ гэта і тое, што ты робіш для сваёй радзімы, сілы, якія ўкладваеш у яе развіццё. Валянціна ЦЫБУЛЬСКАЯ, заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь па спартыўнай хадзьбе, пабачыла шмат краін і гарадоў за час сваёй спартыўнай кар’еры. Але пакінула камфортнае і зладжанае жыццё ў Мінску і вярнулася на родную Бялыніччыну.

Нарадзілася Валянціна Іванаўна ў Расіі. Бацькі пазнаёміліся падчас асваення цалінных земляў. Пасля сям’я пераехала ў Растоўскую вобласць, адтуль праз паўтара года вырашылі вярнуцца на Бялыніччыну, радзіму бацькі.

– Малая радзіма – гэта месца, дзе прайшло шчаслівае дзяцінства і засталіся самыя цёплыя ўспаміны. Таму сваёй малой радзімай лічу не тое месца, дзе нарадзілася, а менавіта Бялынічы,  – кажа Валянціна Цыбульская.

Шлях у вялікі спорт пачаўся з невялічкіх крокаў у дзяцінстве. Звычайна, калі лёс не складваецца ў чымсьці адным, шукаем выйсце да іншага, адчуваючы патрэбу ў рэалізацыі патэнцыялу. Так было ў Валянціны Іванаўны: спрабавала сябе ў гандболе, але не склалася. Вельмі хацела займацца спортам, таму не здавалася і без усялякага сумнення прыняла прапанову перайсці на лёгкую атлетыку. І на першых спаборніцтвах па кросе прыбегла чацвёртай. Месца не прызавое, але трэнер заўважыў штосьці такое, што стала вызначальным: мабыць, сілу характару ці спартыўны азарт, і ўзяў да сябе ў каманду. Так Валянціна Цыбульская трапіла ў Магілёўскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву ва ўзросце трынаццаці гадоў. Потым паступіла ў БДУ фізічнай культуры, але пасля першага курса перавялася на завочнае аддзяленне факультэта фізічнага выхавання МДУ імя А. А. Куляшова, жыла ў Магілёве.

– Склалася так, што на той час  была магчымасць набыць кватэру ў Мінску: будавалі дом для спартсменаў, я ўваходзіла ў нацыянальную зборную, таму з мужам і дачкой пераехалі з  Магілёва ў Мінск. Тым больш, там былі лепшыя ўмовы для трэніровак, – распавядае Валянціна Цыбульская.

Спартыўная кар’ера – гэта шлях пастаянных выпрабаванняў: перамогамі і паражэннямі, упэўненасцю і сумненнямі, часам – траўмамі.  Трэніроўкі былі вельмі інтэнсіўныя: па некалькі гадзін два разы на дзень. Валянціна Іванаўна штодзень праходзіла каля 25 кіламетраў. І хоць дзяўчыны з каманды трэніраваліся аднолькава, яна паказвала лепшыя вынікі.

цыб2У яе жыцці было шмат спаборніцтваў. З іх – тры Алімпіяды, чатыры Чэмпіянаты свету, пяць Кубкаў свету і чатыры Кубкі Еўропы.

– Да таго, як паехаць у 2000 годзе на другую сваю Алімпіяду, наша каманда перажыла дзве акліматызацыі за кароткі час. Па прыездзе пачалася трэцяя. Падчас самога  спаборніцтва было вельмі цяжка, але з дыстанцыі не сышла. Прыйшла да фінішу дваццатай. Не вельмі добры вынік быў абумоўлены менавіта тым, што нам склалі занадта інтэнсіўны спартыўны графік з пераездамі ў розныя кліматычныя зоны, – успамінае Валянціна Іванаўна.

Але потым былі і перамогі: на наступным Чэмпіянаце свету ў 2001 годзе ў Канадзе яна заняла другое месца і ўзышла на пераможны спартыўны п’едэстал. Кветкі, якія ўручылі ёй за тую перамогу, прывезла на бацькаву магілу. Блізкі, родны чалавек заўсёды падтрымліваў усе яе імкненні і намаганні, перажываў, з хваляваннем сачыў за спаборніцтвамі і заўсёды радаваўся поспехам дачкі. На жаль, не дачакаўся самых вялікіх яе перамог.

– Ад падтрымкі сям’і           і блізкіх людзей залежыць шмат у жыцці, не толькі ў кар’еры, – адзначае Валянціна Цыбульская. – У мяне вялікая сям’я. Заўсёды мы стаім адзін за аднаго, не пакідаем у цяжкія часы, дапамагаем. Чалавек адчувае сябе ўпэўнена, калі ў яго ёсць такая моцная падтрымка, якая надае сілы жыць, змагацца і перамагаць.

Пасля завяршэння спартыўнай кар’еры Валянціна Цыбульская працавала старшым трэнерам па рэзерве ў нацыянальнай камандзе пры Міністэрстве спорту. З часам адчула, што гэты занятак яе ўжо не так задавальняе. І спартсменка, пакінуўшы кватэру і працу ў Мінску, перабралася на сваю малую радзіму – да маці, сясцёр і пляменнікаў.

– Напэўна, справа ў тым, што захацелася быць бліжэй да зямлі, – тлумачыць жанчына, – вярнуцца да сваіх каранёў. Акрамя таго, бацька, калі быў жывы, зрабіў мне адметны падарунак – наш дом. Мабыць, таму я адчуваю сябе адказнай за яго, дапамагаю маці. Усе мае сёстры жывуць у Бялынічах, ніхто нікуды не раз’ехаўся, але чамусьці менавіта я заступіла на месца гаспадыні ў бацькоўскім кутку.

Прыехаўшы на малую радзіму, Валянціна Іванаўна хутка зразумела, што без працы не зможа: прывыкла прытрымлівацца рэжыму і аддаваць час справе ўсяго свайго жыцця – спорту. Рабіла спачатку ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, але вельмі хацелася папрацаваць з дзеткамі. Маючы за спінай велізарны спартыўны вопыт і веды, немагчыма было не падзяліцца імі з маладым пакаленнем. Цяпер яна працуе трэнерам у ДЮШАР, займаецца з дзецьмі ў Бялынічах і Вішове шэсць дзён на тыдзень.

цыб3

– Вясковыя дзеці мацнейшыя і здаравейшыя за гарадскіх, гэта я заўважыла ў працэсе трэніровак, – дзеліцца назіраннем Валянціна Цыбульская. – Кожнаму з іх хочацца дапамагчы раскрыцца, асабліва дзецям з сацыяльна неабароненых сем’яў. Усе яны выдатна працуюць, кожны выкладваецца на                100 %, стараецца паказаць лепшыя вынікі на спаборніцтвах. Для іх гэта магчымасць і праявіць сябе, і павучыцца чамусьці ў іншых.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара

 і з уласнага архіва

Валянціны Цыбульскай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *