Вайна вачыма юнага пакалення

Страшныя падзеі 1941 — 1945 гадоў чорным асколкам сядзяць у сэрцах і памяці ўсіх, каго так ці іначай закранула вайна. Сваімі думкамі аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, аб продках, якія ваявалі на фронце, былі ў партызанах, жылі на акупіраванай ворагам тэрыторыі, падзяліліся пяцікласнікі СШ №2 райцэнтра.

Аляксандра ГЛЯКАВА:

– 9 мая мы адзначаем Перамогу Савецкага Саюза над фашысцкай Германіяй. Бацькі распавядалі, што мой прадзед быў разведчыкам і ў час вайны прапаў без вестак, а прабабулю немцы забралі ў канцлагер. Адтуль яе вызвалілі савецкія салдаты.

Карына БУЛАНОВІЧ:

– Я ведаю, што абодва маіх прадзядулі загінулі за тыдзень да таго, як абвясцілі Перамогу. Адзін пахаваны ў Польшчы, а другі – на Украіне. Аб гэтым расказваў дзядуля. А мае бабулі нарадзіліся ў Бялыніцкім раёне падчас вайны. Іх дзяцінства – гэта цяжкі і галодны час, яны елі нават гнілую бульбу.

Анастасія САНЬКОВА:
– Выдатна памятаю кадры з ваеннага фільма: партызаны ляжаць у акопах, і раптам пачынаецца іх перастрэлка з немцамі. Пра вайну таксама ведаю ад сваіх родных: прадзед Цімафей гарэў у танку падчас бою, але мужна працягваў змагацца з фашыстамі. Для мяне ён сапраўдны герой.

Данііл САПУНОЎ:

– Ведаю, што вайна забірала жыцці людзей бязлітасна, а нашы салдаты мужна стаялі за сваю радзіму, бясстрашна абаранялі свае сем’і. З 1941 па 1945 гады загінуў кожны чацвёрты беларус, і лічба гэтая вельмі жахлівая і сумная.

Ілья БАРАВІКОЎ:

– Прабабулю ад смерці ў вайну выратавала яе маці: засланіла сабой ад кулі. Але яна ўсё ж трапіла ў канцлагер у Германію, дзе зняволеным зрэдку давалі ваду і хлеб, забіралі кроў. Яна цудам выжыла і ўсё жыццё ўспамінала тыя падзеі з болем і трывогай.

Марыя ВІННІКАВА:

– Мая прабабуля ўдзельнічала ў вайне і загінула ў 1943 годзе. Яна была медсястрой, выносіла раненых салдат з поля бою і перавязвала іх.З цікавасцю гляджу ваенныя фільмы, з якіх можна даведацца шмат дэталяў пра падзеі тых часоў: як апраналіся, што елі і як змаглі выжыць нашы бабулі і дзядулі.

Ульяна РЖЭУЦКАЯ:

–З маці глядзелі фільм “А зори здесь тихие”. Гэты фільм мяне вельмі ўразіў і крануў, таму што ў ім загінулі дзяўчаты, якія выконвалі ваеннае заданне. Яшчэ хачу паехаць на экскурсію ў Хатынь. Ведаю, что гэта не адзіная спаленая вёска, але менавіта ў ёй зроблены мемарыял, і там мару пабываць.

Вольга ЛАПО:

– З вайны мой прадзед вярнуўся жывы і прывёз з сабой у якасці трафея флягу, на якой былі сляды запечанай крыві. Вайна – гэта страшна, бо шмат людзей загінулі, хоць ні ў чым не былі павінныя.

Елізавета ГАЦКО:

– Не разумею, як можа чалавек, у якога ёсць дзеці, страляць у іншых людзей, здзеквацца, катаваць кагосьці. Таму для мяне вайна – гэта жудасна і бесчалавечна.

Дарына ПАРАШКОВА:

– Мой прадзед загінуў на вайне. Яго імя і прозвішча запісана на адным з помнікаў у Мінску. Туды ездзілі мае бацькі, каб ушанаваць яго памяць. Мой прадзед і ўсе тыя, хто аддаў жыццё за радзіму – сапраўдныя героі, дзякуючы якім мы жывем свабодна і мірна на нашай зямлі.

д9м1

Ілья Баравікоў і Данііл Сапуноў.

д9м2

Ульяна Ржэуцкая.

д9м3

Карына Булановіч, Елізавета Гацко, Дарына Парашкова.

д9м4

Вольга Лапо.

д9м5

Марыя Віннікава.

д9м6

Аляксандра Глякава і Анастасія Санькова.

Апытвала Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *