У ААТ “Бялынічы” не адстаюць ад тэмпаў пасяўной кампаніі: тэхніка працуе не толькі днём, але і ўначы

У ААТ “Бялынічы” не адстаюць ад тэмпаў пасяўной кампаніі: тэхніка працуе не толькі днём, але і ўначы.

Па словах намесніка дырэктара таварыства па раслінаводстве Рамана КАЛЫВАНАВА, плошча, адведзеная пад сяўбу ранніх яравых культур, складае 2080 га. Агульная плошча яравых складае 3400 га, 800 з іх зойме кукуруза.

– Па стане на 7 мая лён, пшаніца, ячмень і авёс ужо ў глебе, – адзначыў Раман Калыванаў. – Зараз сеем зернабабовыя. Каля 90 % ранніх яравых, такім чынам, ужо загорнуты ў глебу.

Механізатар Андрэй ГАРНОЎСКІ працуе ў гаспадарцы каля 10 гадоў, а ў пасяўной кампаніі заняты трэці год. На трактары Atlas з сеялкай Rabe сеіць і, каб паразмаўляць з журналістам раёнкі, ад працы адарваўся толькі на 5 хвілін.

– Работа ідзе зладжана, насенне нам дастаўляецца своечасова. Лічаныя хвіліны на запраўку – і мы зноў кіруемся ў поле, – распавядае Андрэй Гарноўскі.

сев2

Зменныя заданні механізатары перавыконваюць прыкладна ў два разы: пры норме 21 га ў іх атрымліваецца засеяць каля 40 га. Кожную раніцу на мехдвары вывешваюць экран спаборніцтва з вынікамі працы за папярэдні дзень.

Каля сямі гадзін вечара ў механізатараў праходзіць перазменка. Начная змена працягваецца да чатырох гадзін раніцы.

Маладога механізатара Дзмітрыя ПАЛТАРАЦКАГА карэспандэнт райгазеты застала ў полі каля вёскі Сіваі, калі ён дасяваў лён. Пасля арміі прыйшоў працаваць у ААТ “Бялынічы” – і тут застаўся. Вось ужо трэці год заняты на шматлікіх сельскагаспадарчых работах.

сев1

– На трактары МТЗ 30-22 сёння дапрацую на полі з ільном, – кажа Дзмітрый Палтарацкі. – Лічу, што праца на зямлі – гэта маё прызванне, якое перадалося ад бацькоў і дзядоў. Таму магу сказаць, што яно ў мяне ў крыві.

Два разы на дзень да хлебаробаў прыязджае машына з гарачым харчаваннем, яго гатуюць у сталовай у Малым Кудзіне. Сельгаставарыства пакрывае каля 80 % выдаткаў на абеды, астатнія грошы вылічаюць у механізатараў. Атрымліваецца танна і зручна.

Так па маленькіх зярнятках, якія кожную вясну трапляюць у глебу намаганнямі хлебаробаў, вырасце вялікі агульны каравай, які спрадвеку быў сімвалам дастатку, годнага і шчаслівага жыцця.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *