У прэс-цэнтры раённай газеты “Зара над Друццю” прамую тэлефонную лінію для жыхароў раёна правялі галоўны ўрач райЦГЭ Алена ДАМАРАЦКАЯ і намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Алена АРЛОЎСКАЯ

У прэс-цэнтры раённай газеты “Зара над Друццю” прамую тэлефонную лінію для жыхароў раёна правялі галоўны ўрач райЦГЭ Алена ДАМАРАЦКАЯ і намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Алена АРЛОЎСКАЯ. Тэмай размовы стала прадастаўленне паслуг аховы здароўя жыхарам Бялыніччыны.

Безимени-1

– Раскажыце, калі ласка, пра забеспячэнне  насельніцтва паслугамі аховы здароўя.

Алена Арлоўская:

– Адразу трэба адзначыць, што УАЗ “Бялыніцкая ЦРБ” аказвае першасную, спецыялізаваную стацыянарную і амбулаторна-паліклінічную медыцынскую дапамогу насельніцтву раёна. У складзе ўстановы функцыянуюць цэнтральная раённая бальніца са стацыянарам на 138 ложкаў, паліклініка на 250 наведванняў за змену, аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі з двума кругласутачнымі пастамі. Жыхароў сельскіх населеных пунктаў абслугоўваюць 5 амбулаторый урачоў агульнай практыкі і 10 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Таксама дзейнічаюць міжраённыя радзільнае аддзяленне, кардыялагічны кабінет, клінічная лабараторыя і лапараскапічная хірургія (для жыхароў Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў).

Варта адзначыць, што бясплатная медыцынская дапамога даступная любому чалавеку. На прыём да ўрача сёння можна запісацца рознымі спосабамі: асабіста прыйсці ці патэлефанаваць у рэгістратуру, праз інтэрнэт, запоўніўшы спецыяльную форму на сайце talon.bу. Перайсці на яго можна і праз сайт ЦРБ па закладцы “Запісацца да ўрача”.

Пры ўстановах аховы здароўя дзейнічаюць дзённыя стацыянары – медработнікі выязджаюць да пацыентаў на дом і робяць унутрывенныя ін’екцыі (ставяць ім кропельніцы).

Алена Дамарацкая:

– Асноўная задача аховы здароўя ў цэлым – гэта падтрыманне ўзроўню здароўя і якасці жыцця насельніцтва. За мінулы перыяд у раёне не дапушчана захворванняў вакцынакіруемымі інфекцыямі, выпадкаў      адзёру, дыфтэрыі, слупняку, краснухі, віруснага гепатыту А, поліяміеліту, эпідпаратыту, коклюшу.

Згодна з нацыянальным календаром прышчэпак, праводзіцца вакцынацыя насельніцтва. Не ўсе ведаюць, што, напрыклад, вострыя рэспіраторныя захворванні (ВРЗ) наносяць значны ўрон эканоміцы – хворыя дорага абыходзяцца і сабе, і бюджэту. Пры аналізе эфектыўнасці вакцынацыі насельніцтва раёна ўстаноўлена, што захворванняў на ВРІ і грып сярод прышчэпленых менш, чым сярод непрышчэпленых у 6,2 раза. Па разліках, праведзеная вакцынацыя дазволіла папярэдзіць да 2860 выпадкаў грыпу і ВРІ, у тым ліку сярод грамадзян, якія працуюць, – да 1432. За тры месяцы бягучага года зарэгістраваны 31 выпадак пнеўманіі, з іх 12 – у дзяцей. Важна адзначыць, што усе, хто захварэў на пнеўманію, не былі прышчэплены ад грыпу. Таму так неабходна да сезону захворванняў фарміраваць калектыўны імунітэт, робячы прышчэпкі больш за 40 % працоўнага калектыву арганізацыі.

У раёне час ад часу рэгіструюцца інфекцыі, якімі людзі заражаюцца ад жывёл, – лептаспіроз, іерсініёз. Таму праводзім мерапрыемствы, накіраваныя на вынішчэнне найбольш частых пераносчыкаў такіх захворванняў – грызуноў – на аб’ектах харчавання, гандлю, аховы здароўя, культуры, адукацыі і інш.

Жыхары Бялыніччыны звяртаюцца ў райЦГЭ наконт аказання паслуг па знішчэнні ў жылых памяшканнях і гаспадарчых пабудовах розных насякомых (блох, клапоў, тараканаў), санітарнай апрацоўцы ад мух надворных туалетаў.

Часцей за ўсё грамадзяне звяртаюцца да нас, каб правялі лабараторныя аналізы пітной вады пры бурэнні свідравін на тэрыторыі домаўладанняў, уладкаванні водаправода ў жылым доме. Правяраюць вырашчаную на прысядзібным участку гародніну на ўтрыманне нітратаў і адсутнасць у ёй яек гельмінтаў, а дары лесу – на радыёнукліды.

Нашы спецыялісты таксама зробяць неабходныя разлікі для карэкцыі харчавання ў адпаведнасці з фізіялагічнымі нормамі для розных узроставых груп. У мікрабіялагічнай лабараторыі для насельніцтва праводзяцца аналізы на кішачныя інфекцыі, наяўнасць дысбактэрыёзу, паразітарных інфекцый, вызначэнне адчувальнасці да антыбіётыкаў мікраарганізмаў, якія выклікалі тое ці іншае захворванне і інш.

Варта адзначыць, што сёння палепшыліся агульныя ўмовы жыцця людзей, а гэта, у сваю чаргу, таксама спрыяе паляпшэнню здароўя.

– Нядаўна ўладкаваўся на працу вадзіцелем у арганізацыю. Працадаўца аплаціў праходжанне медыцынскага агляду, а вадзіцельскую даведку прыйшлося аплачваць самому. Ці правамерна гэта?

(Мікалай С., Бялынічы)

Алена Арлоўская:

– Пры ўладкаванні на працу праходжанне медкамісіі аплачвае працадаўца. Што тычыцца медыцынскай даведкі аб стане здароўя, якая пацвярджае прыдатнасць да кіравання транспартнымі сродкамі і выдаецца тэрмінам на пяць гадоў, то ў яе ўваходзіць не адна катэгорыя, па якой грамадзянін будзе працаваць, а некалькі. Яна неабходна ў тым ліку і для кіравання ўласным аўтамабілем, не звязаным з прафесійнай дзейнасцю. Таму медкамісію для атрымання гэтай даведкі вам давядзецца аплаціць самастойна.

– Ці можна ў нашай паліклініцы бясплатна вылечыць зубы?

(Надзея Б., Бялыніцкі раён).

Алена Арлоўская:

– Шэраг стаматалагічных паслуг і экстраная дапамога пры зубным болі ў паліклініцы аказваюцца бясплатна. Пры бясплатным лячэнні зубоў выкарыстоўваюцца матэрыялы для пламбіравання, закупленыя за бюджэтныя сродкі. А пры платнай стаматалогіі – больш дарагія і якасныя імпартныя, выдаткі на якія трэба кампенсаваць. Таму ў пацыентаў ёсць выбар варыянтаў лячэння.

Што ж да пратэзавання зубоў, то спецыялісты паліклінікі вырабляюць і ставяць металічныя і пластмасавыя зубныя каронкі і здымныя зубныя пратэзы. Металакераміку не выкарыстоўваюць, бо для вырабу такіх зубоў патрэбна спецыяльная машына для абпальвання яе. Таксама неабходна абсталяваць памяшканне, якое мела б выцяжку і адпавядала ўсім нормам і патрабаванням.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *