З 18 красавіка па 1 мая праваахоўнікі склалі 44 адміністрацыйныя пратаколы

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 18 красавіка па 1 мая праваахоўнікі склалі 44 адміністрацыйныя пратаколы, у тым ліку за знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення – 27, дробнае хуліганства – 6, сямейны скандал – 9, дробны крадзеж – 2.

Сапсавалі кантакт. Бялынічанка паскардзілася праваахоўнікам на тое, што невядомая асоба шляхам несанкцыянаванага доступу змяніла пароль і логін яе старонкі ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте”.  Праводзіцца праверка.

Нямілы дом. 19 красавіка а другой гадзіне ночы ў дзяжурную службу РАУС патэлефанавала бялынічанка і паведаміла, што яе сын у нецвярозым стане сышоў з дому, каб купіць спіртное. На наступны дзень жанчына паскардзілася на непуцёвага нашчадка зноў. Праваахоўнікі склалі ў адносінах да яго два адміністрацыйныя пратаколы. Толькі ці стане родны дом ад гэтага мілейшы? Рытарычнае пытанне…

“Ліхач”. Раніцай 21 красавіка ў міліцыю патэлефанаваў бялынічанін і паведаміў, што некалькі хвілін таму яму з маленькім дзіцём на пешаходным пераходзе не саступіў дарогу вадзіцель. У адносінах да “ліхача” праваахоўнікі склалі адміністрацыйны пратакол.

“Інструментал”. У дзяжурную  службу РАУС звярнуўся жыхар Масквы са скаргай на “даўгарукіх”, якія вынеслі з яго дачнага дома ў в. Рафалава 2 электракасы, бензапілу, шліфавальную машыну і электрычны рубанак. Узбуджана крымінальная справа.

Пацярпела… каза. Жыхарка Алешкавічаў паскардзілася міліцыянерам на невядомага, які скраў у яе казы ашыйнік.

…А служба ідзе! 27 красавіка праваахоўнікі праверылі вартавую ахову на МТФ в. Вылаў ААТ “Аграсэрвіс”. У 11 гадзін вечара на тэрыторыі фермы адсутнічала асвятленне, каля праезнай часткі дарогі бегала цяля. Вартавы – салодка спаў на рабочым месцы.

“Адсвяткавалі” скандалам. Увечары 1 мая бялынічанін паскардзіўся на жонку, якая ў стане алкагольнага ап’янення паскандаліла з ім у прысутнасці малалетніх дзяцей. А праз пару гадзін з заявай у міліцыю звярнулася яго жонка і паведаміла, што муж некалькі разоў перацяў яе рэменем і прычыніў цялесныя пашкоджанні.

На ўласную жонку паскардзіўся праваахоўнікам і жыхар аг. Свяцілавічы. Нібыта яна ў стане алкагольнага ап’янення нанесла яму пабоі. Міліцыянеры разабраліся ў тонкасцях справы і выпісалі                   скаржніку адміністрацыйны пратакол.

Ганна КАВАЛЁВА.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *