Мары дзяцінства ажыццявіліся

Многія з нас у юнацкія гады мараць атрымаць адну прафесію, а ў больш сталым узросце схіляюцца да іншай. Прычын гэтаму шмат, і першая з іх, вядома ж, – матэрыяльны складнік. Але калі дзіцячыя мары збываюцца, чалавек знаходзіць сваё месца ў жыцці і прафесіі, дый яшчэ атрымлівае матэрыяльную выгоду ад свайго захаплення, – ці не гэта ёсць сапраўднае шчасце?

Бялынічан Мікалая ЕРМАКОВА і Рамана АРЛОЎСКАГА звязваюць не толькі цесныя сяброўскія сувязі, але і тое, што кожны з іх займаецца любімай справай, цяга да якой абудзілася менавіта ў юнацкія гады.

коля (2)– Яшчэ са школы мяне прываблівала радыёаматарская справа, – распавядае Мікалай Леанідавіч. – Пры гэтым я не проста назіраў, як працуе той жа радыёпрыёмнік, было цікава разабрацца, з чаго ён зроблены, і хацелася ўдасканаліць яго. Нешта падказвалі настаўнікі, да чагосьці дадумваўся сам. У гэтай справе важна навучыцца чытаць схемы, тады на 80 % будзе вядома, як зроблена тое ці іншае электроннае прыстасаванне. У 1990-я гады пачаў больш шчыльна працаваць з электронікай, а з пачатку дзвюхтысячных пераключыўся на рамонт мабільных тэлефонаў, тэлевізараў і камп’ютараў. Гэты сегмент рынку знаходзіцца ў асноўным пад уплывам “прыватнікаў”, таму вырашыў распачаць сваю справу ў Бялынічах.

ромаСябар Мікалая Раман Арлоўскі дадае, што і яго занятак мае непасрэдную сувязь з дзяцінствам. У шасцігадовым узросце ён сабраў разабраны на запчасткі бацькаў матацыкл. Ухваліў ці пакараў тата юнага аўтаслесара, сямейная гісторыя замоўчвае, але цяга да аўтасправы не знікла. Наадварот, пераўтварылася ў стабільны бізнес па продажы аўтазапчастак. Дадаткова Раман Леанардавіч завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю ў БДСГА. Лічыць уласнае развіццё важным складнікам паспяховага прадпрымальніцтва.

– Хоць наш горад невялікі, умовы для бізнесу тут нармальныя. Галоўнае, да чаго заўсёды імкнуся, – уважліва адносіцца да кліентаў, прадастаўляць ім толькі якасны тавар. Гэта гарантыя таго, што чалавек завітае да цябе зноў. Да таго ж, стараюся дапамагчы карыснай парадай, як прымяніць тую ці іншую запчастку, – дадае Раман.

Памяшканне, адведзенае пад магазін, сябры дзеляць папалам. Гэта выгадна і пакупнікам – у адным месцы можна набыць неабходныя запчасткі і заадно адрамантаваць тэлефон, тэлевізар ці планшэт. А цяжкасці, калі яны ўзнікаюць, заўсёды вырашаюцца па-сяброўску. Абодва прадпрымальнікі ўпэўнены, што такі падыход да спраў самы правільны.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *