Ступені шчаслівага жыцця

Кожны чалавек, які стварыў уласную сям’ю, ведае, колькі трэба прыкласці намаганняў для таго, каб пасяліць у сваім доме лад і мір, выхаваць дзяцей, закласці падмурак для іх паспяховай будучыні. І яшчэ сям’я – гэта вялікая адказнасць. А калі ячэйка грамадства немалая, дый яшчэ знаходзіцца ва ўсіх на віду, то адказнасць узрастае шматкроць.

Безимени-1

Сям’ю Аляксандра і Алены АСІПЁНКАЎ з Бялынічаў справядліва можна назваць узорнай. Яе галава, Аляксандр Мікалаевіч, працуе намеснікам дырэктара БУКП “Жылкамгас” па ідэалагічнай рабоце, а да гэтага займаў пасаду старшыні раённага Савета дэпутатаў. Такая сур’ёзная занятасць, вядома, адбілася і на блізкіх, а між тым у сям’і гадуецца пяцёра дзяцей. Алена Уладзіміраўна знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, стварае ўтульны сямейны ачаг. Але ўсё ж большую частку хатніх спраў муж і жонка стараюцца зрабіць разам. І гэта толькі адна з прыступак лесвіцы іх сямейных узаемаадносін.

– Мужчына ў сям’і павінен быць не проста здабытчыкам, – лічыць Аляксандр Мікалаевіч. – Кавалак вэнджанай каўбасы ў халадзільніку зусім не азначае, што на гэтым яго сямейныя абавязкі скончыліся. Калі бацька не аддае належную ўвагу жонцы і дзецям, то рана ці позна ў такой сям’і будуць узнікаць канфлікты, непаразуменні. Лічу, што прыгатаваць сняданак ці памыць посуд – таксама і мужчынскі занятак. Магу сам зрабіць любую хатнюю справу. Да гэтага прывучаем і дзяцей. Дый тлумачыць ім нічога не трэба, самі ахвотна нам дапамагаюць.

– Калі мы пажаніліся, то планаў мець вялікую сям’ю не было, – уступае ў гутарку Алена Уладзіміраўна. – Пасля нараджэння трэцяга дзіця, дачушкі Дарыны, адусюль пачалі сыпацца рэплікі, што мнагадзетнай сям’і складана жыць, і шмат дзяцей можа быць толькі ў людзей, якія вядуць асацыяльны лад жыцця… Мы вырашылі даказаць не толькі ўсім, але ў першую чаргу сабе памылковасць такіх меркаванняў. Калі нарадзіўся  Елізарый, многія знаёмыя сталі пазіраць на мяне спачувальна. З чатырма дзецьмі было ў нейкія моманты складана, але не цяжка. А потым старэйшыя “выпрасілі” яшчэ адну сястрычку, і проста не знайшлося сіл ім адмовіць. Два гады назад  у нас з’явілася пястушка Ліза. Так што смела магу адзначыць, што ўсе нашы дзеці чаканыя і любімыя!

Лиза1

Безумоўна, вялікая сям’я – гэта вялікая праца. Не толькі апрануць-пакарміць, а дапамагчы з урокамі, адвесці ў гурткі (трое сярэдніх дзяцей – актыўныя ўдзельнікі ўзорнага вакальнага ансамбля “Акварэлькі”). Колькасць дыпломаў і грамат, атрыманых Асіпёнкамі-малодшымі за перамогі ў прадметных алімпіядах, творчых конкурсах і спартыўных спаборніцтвах, падлічыць даволі складана.

Дзеці, як і бацькі, цесна сябруюць са спортам. Старэйшыя, Арцём і Данік, добра гуляюць у футбол і нават        удзельнічалі ў юніёрскіх футбольных матчах за магілёўскія каманды “Днепр” і “Юность”.

даник1

– Самым лепшым відам адпачынку мы лічым актыўны: грыбы, ягады, рыбалка, падарожжы па знакавых месцах нашага рэгіёна і бліжэйшага замежжа. Раней на велапрагулкі выпраўляліся з мужам удваіх, а зараз да нас далучаюцца дзеці. Праехаць на веласіпедах можам і 20, і 30 кіламетраў, – адзначае Алена.

дети11  

Напярэдадні розных святаў іх вялікі дом напаўняецца атмасферай творчасці. Перад кожнай знакавай падзеяй дзеці рыхтуюць самаробныя паштоўкі, а маці выпякае фантазійныя і вельмі смачныя торты. Дарэчы, творчая ініцыятыва ў сям’і Асіпёнкаў заахвочваецца асабліва. Напрыклад, да свята Вялікадня дзеці выразалі з каляровай паперы аплікацыі ў выглядзе яек і заклеілі імі сцяну на кухні. Атрымалася вельмі прыгожа і кранальна.

– Большасць дызайнерскіх ідэй зыходзіць ад жонкі, – гаворыць Аляксандр Асіпёнак. – Яна пастаянна нешта прыдумвае. Некалькі гадоў таму мы перасяліліся ва ўласны дом, і Алена захацела павесіць у гасцінай вялікую карціну. Натуральна, каб яе купіць, трэба было б выкраіць у сямейным бюджэце немалую суму грошай. Жонка пакапалася ў інтэрнэце, затым купіла рулон шпалераў з малюнкам і чатыры пластыкавыя рэйкі. Нашы знаёмыя з цяжкасцю вераць, калі расказваем, з чаго зроблена “карціна”.

Яшчэ адну цікавую дызайнерскую задумку рэалізавалі, калі будавалі ў доме лесвіцу. Частку яе зрабілі ў        выглядзе шахматнай дошкі. Доўгімі зімовымі вечарамі члены вялікага сямейства арганізуюць прама на лесвіцы спаборніцтвы па “каралеўскай гульні”.

У кастрычніку мінулага года ў сям’і Асіпёнкаў адбылася важная падзея. Алену ўзнагародзілі ордэнам Маці.

– Лічыў і лічу, што прызванне быць маці жанчыне даецца з нябёсаў, – распавядае Аляксандр Мікалаевіч. – Столькі сіл, як жанчына, у сваіх дзяцей, напэўна, не ўкладвае ніхто. Па доўгу службы мне неаднаразова прыходзілася бачыць і станоўчыя прыклады мацярынства, і негатыўныя. Вельмі абурае, калі ў сем’ях чуецца лаянка, калі не толькі бацька, але і маці сябруе з “зялёным зміем”. Канечне, дзяржава дапаможа ім, падтрымае, але сапраўднай бацькоўскай любові і клопату гэтыя дзеці не ўбачаць. Добра ведаю, што гора-бацькоў, якія нараджаюць дзяцей толькі дзеля таго, каб атрымаць грошы, словамі не перавыхаваеш, а ўласным прыкладам паўздзейнічаць на іх цалкам рэальна. Таму хочацца яшчэ раз адзначыць, што цёплыя адносіны, павага, дабрабыт самі па сабе не з’яўляюцца, усё гэта дасягаецца вялікай і напружанай працай. Увогуле, мне здаецца, што ўзаемаадносіны ў сям’і нагадваюць узыходжанне па лесвіцы ўверх: чым вышэй узнімаешся, тым больш новага і цікавага адкрываецца, так што павярнуць     назад  проста немагчыма.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара і з архіва сям’і Асіпёнкаў.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *