Паказалі выдатныя веды

Выпускніцы Свяцілавіцкага ВПК ДС СШ Наталля ГРЫБАЙЛА і Галоўчынскай СШ Дар’я МАКСІМЕНКА пры выбары будучай прафесіі спыніліся на вядучай аграрнай ВНУ рэспублікі – БДСГА, дзе ім спадабалася навучанне па спецыяльнасці “селекцыя і насенняводства”.

академия

Прыгожыя вучэбныя корпусы, якія знаходзяцца ў крокавай даступнасці ад інтэрнатаў, багатая гісторыя найстарэйшай ВНУ, выдатныя магчымасці для вучобы і развіцця сваіх здольнасцей у спарткомплексе і Доме культуры студэнтаў уразілі дзяўчат з самага пачатку вучобы.

Наталля і Дар’я ўпэўнены, што зрабілі правільны выбар, бо наша краіна мае развітую сельскагаспадарчую вытворчасць. Спецыялісты ў галіне селекцыі і насенняводства сёння вельмі запатрабаваныя на рынку працы. І галоўнае наша багацце, зямлю, неабходна выкарыстоўваць рацыянальна і з найбольшай эфектыўнасцю, а кіраўніцтва сельгасарганізацый павінна рабіць стаўку на найбольш адаптаваныя сучасныя гатункі раслін.

Дзяўчыны з першых дзён вучобы не трацяць час дарэмна, пастаянна займаюцца ўдасканаленнем сваіх магчымасцей. Пра гэта сведчаць выдатныя адзнакі ў іх заліковых кніжках.

Актыўна займаюцца нашы зямлячкі навукова-даследчай працай. Свой выбар яны спынілі на селекцыі лубіну белага і жоўтага, паколькі стварэнне ўраджайных і ўстойлівых гатункаў да хвароб гэтых відаў раслін здольна вырашыць праблему дэфіцыту кармавога расліннага бялку. Кожная з іх ужо апублікавала па два артыкулы ў навуковых зборніках, дзяўчаты выступалі з дакладамі на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі.

У гэтым годзе Наталля Грыбайла на чатыры месяцы паедзе на вытворчую практыку ў Германію і яшчэ два месяцы практыкі будзе працаваць на пасадзе лабаранта навуковай тэмы па захаванні генафонду раслінных рэсурсаў Рэспублікі Беларусь. А трэцякурсніца Дар’я Максіменка працягне займацца навуковымі даследаваннямі па будучай тэме дыпломнай работы.

Такога поспеху ў вучобе дзяўчыны дасягаюць дзякуючы тым ведам і любові да вучобы, якія былі закладзены настаўнікамі яшчэ ў школьныя гады, а прыкладныя паводзіны – сведчанне пра добрае бацькоўскае выхаванне.

Прыемна, што нашы зямлячкі змаглі паказаць у Акадэміі належны ўзровень падрыхтоўкі ў школе і тым самым са станоўчага боку праславіць сваю малую радзіму.

Яўген РАЎКОЎ,

кандыдат сельскагаспадарчых навук, загадчык кафедры

селекцыі і генетыкі БДСГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *