Справаздачны канцэрт настаўнікаў, вучняў і творчых калектываў ДШМ “Вясёлка мастацтваў” прайшоў днямі ў РЦК

Справаздачны канцэрт настаўнікаў, вучняў і творчых калектываў ДШМ “Вясёлка мастацтваў” прайшоў днямі ў РЦК.

дши1

Адкрыў канцэрт аркестр народных інструментаў пад кіраўніцтвам дырэктара ДШМ Таццяны ГАРНАСТАЙ. Свае лепшыя нумары паказалі харэаграфічныя ансамблі “Праменьчыкі”, “Каскад”, узорныя ансамблі “Акварэлькі”, “Мелодыя” і шмат іншых таленавітых музыкантаў, спевакоў і танцораў.

Вучні харавога аддзялення пад кіраўніцтвам Ірыны КОСЦІНАЙ выступілі з прэм’ерай песні “Бялынічы”, словы і музыку якой напісала наша зямлячка Святлана ЛАПО. Музычная кампазіцыя наскрозь прасякнута любоўю да малой радзімы, адчуваннем гармоніі і спакою роднага краю.

На працягу бягучага навучальнага года вучні школы мастацтваў заваявалі 69 дыпломаў розных ступеняў падчас удзелу ў разнастайных творчых спаборніцтвах. Гэта не толькі рэспубліканскія, але і міжнародныя конкурсы, у якіх юныя бялынічане дэманструюць высокі ўзровень навыкаў, прыродны талент і пачуццё прыгожага. Рабяты ўдзельнічалі ў харэаграфічным конкурсе “Вдохновение” (Санкт-Пецярбург), вакальным Magic stars of Paris (Францыя) і ў шэрагу іншых.

– Шлях да вяршынь мастацтва пачынаецца з першых крокаў і перамог у нашай школе, – расказала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Вольга МАІСЕЕНКА. – Увесь настаўніцкі склад школы ганарыцца сваімі выхаванцамі, іх дасягненнямі. Справаздачныя канцэрты праходзяць раз у год і заўсёды прыцягваюць увагу і дораць бялынічанам незабыўныя хвіліны трыумфу юных талентаў.

Завітаў на канцэрт прадстаўнік Магілёўскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. Рымскага-Корсакава – загадчык аддзялення народных інструментаў Аляксей МАЦКЕВІЧ, які адзначыў высокі ўзровень падрыхтоўкі вучняў, работу іх настаўнікаў, цікавую і насычаную канцэртную праграму.

Фальклорныя матывы, музычныя і харэаграфічныя нумары падарылі гледачам узнёсласць і натхненне, таму наступнага канцэрта яны будуць чакаць з нецярпеннем.

дши3

дши4

дши5

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *