Як арганізавана сістэма харчавання работнікаў СВК “Калгас “Радзіма”, распавяла загадчык калгаснай сталоўкі Тамара ФРАЛОВА

Падчас сельскагаспадарчых работ працоўны дзень аграрыяў значна павялічваецца. А добрых працаўнікоў трэба сытна карміць. Аб тым, як арганізавана сістэма харчавання работнікаў СВК “Калгас “Радзіма”, распавяла загадчык калгаснай сталоўкі Тамара ФРАЛОВА.

харч

Працуе сталовая сезонна – з сакавіка па лістапад. Пакарміць кожны дзень абедам трэба 140 чалавек і 100 – вячэрай.

– Наш працоўны дзень пачынаецца а палавіне сёмай раніцы, – кажа Тамара Фралова. – Заканчваецца ў 18.30.

З 10 да 12 гадзін ідзе абед, а вячэра – з 15 да 17. У гэты час задзейнічаны тры машыны, якія развозяць ежу работнікам на палеткі. Часам нават чацвёртую машыну выдзяляюць у дапамогу, асабліва ў пік “гарачай” сельскагаспадарчай пары.

Меню даволі разнастайнае: па словах Тамары Іванаўны, на працягу працоўнага тыдня першая страва не паўтараецца, а другой кожны дзень гатуюць па два найменні, каб хлебаробы мелі выбар. Але кожны дзень і абед, і вячэра комплексныя і збалансаваныя: ёсць і супы, і кашы, і розныя віды мясных прадуктаў з агароднінай. Як жа не пачаставаць людзей, якія вырошчваюць для нас хлеб, не адрываючы іх ад важнай і значнай працы? Калі журналіст раёнкі завітала ў калгасную сталовую, кухары гатавалі расольнік, катлеты, гуляш, пярловую кашу, сасіскі і адварныя яйкі, салату з квашанай капусты. Даволі сытна, тым больш, порцыі работнікам прапаноўваюць вялікія, некаторыя нават просяць класці крыху менш.

– Мы заўсёды ўлічваем пажаданні работнікаў гаспадаркі, – падкрэсліла Тамара Фралова. – Для тых, хто не ўжывае, напрыклад, калбасу ці кісель, гатуем альтэрнатыву, замяняем мясам ці катлетамі, у невялікай ёмкасці заварваем чай.

Па прапанове старшыні СВК “Калгас “Радзіма” Аляксандра ЛАПАЦЕНТАВА гарачае харчаванне атрымліваюць таксама і маладыя спецыялісты, якія зараз праходзяць практыку ў сельгасарганізацыі, і работнікі, якія прыязджаюць з Бялыніч. Кошт абедаў і вячэр сімвалічны: за месяц набягае каля дваццаці рублёў.

– Наша кухня тэхнічна абсталявана вельмі добра: маем шафу для смажання, пліты, электрапатэльню, мясасечкі, поўнасцю забяспечаны посудам. У такой абстаноўцы і працаваць прыемна, – дадала Тамара Фралова.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *