Адпачыць з карысцю і аздаравіцца

ЗвягинаНеўзабаве наступіць самая доўгачаканая пара для кожнага дзіцяці – летнія канікулы. І калі бацькі  цяперашніх школьнікаў заклапочаны тым, каб чарговы летні адпачынак прайшоў для іх дзяцей бяспечна і з карысцю, то бацькоў будучых першакласнікаў хвалюе пытанне залічэння іх дзіцяці ў першы клас. Каб дапамагчы сарыентавацца і тым, і другім, у рэдакцыі райгазеты адбылася прэс-канферэнцыя з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Жаннай ЗВЯГІНАЙ.

– Жанна Анатольеўна, перад пачаткам летніх канікул школьнікаў чакае яшчэ апошні званок, а выпускнікоў – экзамены і выпускны вечар. Раскажыце, на якія даты назначана правядзенне гэтых мерапрыемстваў?

– Дату правядзення ўрачыстага мерапрыемства “Апошні званок” і тэрміны правядзення выпускных экзаменаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі зацвердзіла Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Апошні званок для нашых школьнікаў празвініць 30 мая, а навучальны год афіцыйна завершыцца днём пазней.

Выпускныя экзамены для вучняў ІХ і ХІ класаў пройдуць у перыяд з 1 па 9 чэрвеня, а выпускны вечар – 9 чэрвеня.

– Раскажыце аб арганізацыі сёлетняга летняга аздараўлення.

– Работа па арганізацыі аздараўлення дзяцей і падлеткаў у летні перыяд будзе арганізавана ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў РБ “Аб некаторых пытаннях арганізацыі аздараўлення дзяцей”, Загадам Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва “Аб зацвярджэнні планавых аб’ёмаў аздараўлення дзяцей у аздараўляльных (спартыўна-аздараўляльных) лагерах на 2018 год” і “Аб устанаўленні памераў дзяржаўных сродкаў на змяншэнне кошту адной пуцёўкі ў аздараўляльныя, спартыўна-аздараўляльныя лагеры ў 2018 годзе”, і іншых нарматыўных прававых дакументаў.

Зацверджана таксама і праграма занятасці вучняў “Лета – 2018”.

Ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі раёна будзе арганізавана работа бібліятэк, камп’ютарных класаў, спартыўных стадыёнаў, гульнёвых пляцовак, сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў.

Вучні змогуць прыняць удзел у рабоце валанцёрскіх і працоўных атрадаў, вытворчых і сельскагаспадарчых брыгад.

У чэрвені 45 навучэнцаў будуць наведваць аб’яднанні па інтарэсах МЦ “Ветразь”. Па традыцыі летам вучні адправяцца ў турыстычныя паходы.

Падчас канікул у раёне будуць функцыянаваць 18 аздараўляльных лагераў, у якіх аздаровяцца 660 дзяцей. Пяць з іх – з кругласутачным знаходжаннем: лагер “Перамога” на базе Старасельскага ВПК ДС СШ, чатыры профільныя лагеры: палатачны, для высокаматываваных дзяцей, ваенна-патрыятычны, лагер працы і адпачынку. І трынаццаць – з дзённым знаходжаннем на базах устаноў адукацыі раёна, МЦ “Ветразь” і дзіцяча-юнацкай школы    алімпійскага рэзерву.

У гэтых лагерах змогуць пабываць усе жадаючыя школьнікі, а вучні Запольскай і Машчаніцкай СШ, паколькі яны пражываюць у зоне пярвічнага радыяцыйнага кантролю, маюць магчымасць на працягу навучальнага года  аздаравіцца і ў санаторыях Беларусі.

– Ці будуць выдзяляцца ў гэтым годзе сродкі на аздараўленне з раённага бюджэту і на што канкрэтна яны будуць выдаткаваны?

– Безумоўна, будуць. Сёлета з раённага бюджэту на    аздараўленне выдаткавана сума ў памеры 8605 рублёў, 6600 руб. з якіх накіроўваюцца на змяншэнне кошту  40 пуцёвак у лагер “Ольса” з кругласутачным знаходжаннем дзяцей работнікаў бюджэтных арганізацый і 2005 руб. на даплату да поўнага кошту пуцёвак у аздараўляльныя лагеры для 46 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, якія пражываюць у прыёмных і апякунскіх сем’ях, у дзіцячым доме сямейнага тыпу, і для 4 дзяцей-інвалідаў, якія вучацца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі нашага раёна.

– Колькі трэба даплачваць бацькам да поўнага кошту пуцёўкі?

– Бацькоўская даплата залежыць ад тыпу лагера і ўзросту дзіцяці. У аздараўляльным лагеры з кругласутачным знаходжаннем на працягу 18 дзён яна складзе ад 33 да 50 рублёў, з дзённым знаходжаннем – ад 20 да 34 рублёў, а ў лагеры працы і адпачынку – 25 рублёў.

Калі ў лагер з кругласутачным знаходжаннем дзіця едзе на 9 дзён, даплаціць давядзецца ад 19 да 27 рублёў.

– Раскажыце аб асаблівасцях аздараўляльнай работы з вучнямі, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх.

– Аздараўленню і выхаванню вучняў, якія знаходзяцца на ўліку ў ІСН РАУС ці выхоўваюцца ў сацыяльна небяспечных сем’ях, а таксама дзяцей-сірот у летні перыяд заўсёды надаецца асаблівая ўвага.

На 1 мая бягучага года на ўліку ў ІСН знаходзяцца 16 непаўналетніх, 113 дзяцей раёна жывуць у сем’ях ва ўмовах сацыяльна небяспечнага становішча, 68 з якіх маюць права на атрыманне пуцёўкі ў аздараўляльныя лагеры.

Ахоп летняй занятасцю вучняў, якія знаходзяцца на розных уліках, плануецца забяспечыць на ўзроўні 100 %.

– Ці можна будзе зарабіць вучню падчас летніх канікул?

– Такая магчымасць будзе. Сёлета 105 дзяцей будуць задзейнічаны ў сямі студэнцкіх атрадах. Яны будуць працаваць на базах СВК “Калгас “Радзіма”, ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас”, ААТ “Новая Друць” і БУКП “Жылкамгас”.

Акрамя гэтага будуць створаны вытворчыя брыгады па пашыве пасцельных прыналежнасцей, азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторый устаноў адукацыі на базах СШ № 1 імя М.І. Пашкоўскага, СШ № 2, Цяхцінскага і Свяцілавіцкага ВПК ДС СШ, Вішоўскай і Машчаніцкай СШ.

– З якога ўзросту вучні  могуць працаваць у студэнцкіх атрадах?

– Запісацца ў студатрад можна ўсім вучням, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту. Для гэтага неабходна звярнуцца ў РК “БРСМ” або ўстанову адукацыі, у якой вучыцца школьнік.

– Тры летнія месяцы праляцяць хутка, і 1 верасня школы нашага раёна папоўняцца першакласнікамі. Раскажыце, калі ласка, як і калі будзе арганізаваны прыём дакументаў для залічэння ў першыя класы?

– З 2018/2019 навучальнага года прыём дакументаў у першыя класы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі будзе праводзіцца з 12 чэрвеня па 28 жніўня.

У першую чаргу будуць прымацца дзеці, якія пражываюць у мікрараёне дадзенай установы адукацыі. Пры наяўнасці свабодных месцаў могуць залічвацца і тыя, якія пражываюць у іншых мікрараёнах.

Заявы ад бацькоў (законных прадстаўнікоў) дзяцей сумесна з іншымі дакументамі, вызначанымі артыкуламі 159 і 270 Кодэкса РБ аб адукацыі, прымаюцца ў адпаведнасці з зацверджаным ва ўстановах адукацыі графікам асобамі, адказнымі за прыём дакументаў.

Прыём дакументаў будзе праводзіцца ў парадку чаргі.

У выпадку звароту да кіраўніка ўстановы адукацыі да 12 чэрвеня бацькоў, дзеці якіх не пражываюць у раёне дадзенай установы, заява рэгіструецца як зварот грамадзяніна, на які будзе дадзены адказ у адпаведнасці з Законам РБ “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”.

Ва ўстановах адукацыі да 31 мая пройдуць бацькоўскія сходы для бацькоў будучых першакласнікаў. Інфармацыю аб парадку прыёму дакументаў і аб правядзенні бацькоўскіх сходаў можна будзе знайсці на сайтах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і інфармацыйных стэндах устаноў дашкольнай адукацыі.

Гутарыла Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *