Студыя манікюру Nail Art Studia Святланы ВАРАПАЕВАЙ – месца, дзе яна ўвасабляе свае самыя крэатыўныя і смелыя ідэі

светланаСвая справа – гэта не толькі магчымасць для жанчыны нядрэнна зарабляць, але яшчэ і бяскрайняя прастора для праяўлення творчага “Я”. Студыя манікюру Nail Art Studia Святланы ВАРАПАЕВАЙ – месца, дзе яна ўвасабляе свае самыя крэатыўныя і смелыя ідэі.

– Сфера прыгажосці цікавіла мяне яшчэ са школьных гадоў, – кажа Святлана. – У 2009 годзе ўладкавалася на працу ў салон прыгажосці, рабіла манікюр – туды мяне ўзялі без прафесійнай падрыхтоўкі, валодала добрымі навыкамі. А курсы прайшла ўжо потым, калі працавала.

Канечне, не абышлося без акалічнасцей: спачатку Святлана Варапаева скончыла Магілёўскі дзяржаўны палітэхнічны каледж па спецыяльнасці абсталяванне і тэхналогія зварачнай вытворчасці. Адпрацавала толькі некалькі дзён. Хутка зразумела, што душа да гэтага не ляжыць.

Паўтара года таму яна вырашыла пачаць уласную справу. Не пабаялася таго, што справа можа “не пайсці”. Кліенцкая база на той час была ўжо ў яе напрацавана. Затым Святлана Уладзіміраўна прайшла навучанне ад Цэнтра занятасці насельніцтва райвыканкама, абараніла бізнес-план.

– Вельмі ўдзячная спецыялістам райвыканкама за тое, што пайшлі насустрач, дапамаглі пачаць бізнес, навучылі яго вядзенню, – адзначыла Святлана Варапаева.

Атрымала субсідыю для закупкі абсталявання і пачала працаваць. Спачатку здымала памяшканне, а зараз кліентаў прымае на даму. Для гэтага абсталявала рабочую зону ў кватэры і прайшла праверку Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Робіць манікюр, педыкюр, дэпіляцыю, мадэляванне і біятатуаж броваў. І цяпер жанчыны прыходзяць да яе не толькі, каб навесці прыгажосць, а яшчэ і расслабіцца, адпачыць, падзяліцца навінамі. Бо, па словах Святланы, праца ў сферы прыгажосці, перш за ўсё, прадугледжвае наладжванне кантактаў з людзьмі.

– Лічу, што развівацца ў прафесіі трэба заўсёды, таму ўдзельнічаю ў майстар-класах, праходжу курсы павышэння кваліфікацыі, дый сама праводжу курсы па манікюры і запрашаю на іх усіх жадаючых. А ў будучым планую адкрыць уласны салон прыгажосці з даволі шырокім спектрам паслуг, – падзялілася планамі Святлана Варапаева.

Зараз да яе звяртаюцца кліенты як з Бялынічаў, так і Магілёва – жанчына працуе на два гарады. А пра сакрэт поспеху ў сваім бізнесе кажа так:

– Гэта не проста праца – сапраўднае мастацтва, у якое ўкладваю душу. Мабыць, таму і маю пастаянных кліентаў: яны адчуваюць станоўчую атмасферу і жадаюць часцей знаходзіцца ў ёй.

Алена БЫКАВА.

Фота з уласнага архіва Святланы Варапаевай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *